Як беларусы губляюць бізнэс. Гісторыя бізнэсоўца Юрыя Авяр’янава, выдачы якога зь Нямеччыны дамагаецца Беларусь

Аквапарк «Дрымлэнд» у сьпякотны дзень лета

Будаўнічы рынак ва Ўруччы, а раней парк забаў «Дрымлэнд» і аграфірму «Ільля» выставілі на продаж праз аўкцыён. Таргі адбудуцца 6 лістапада. Будаўнічы рынак прадаецца за 9,4 мільёна рублёў, «Дрымлэнд» — за 9,7 мільёна, аграфірма ў Валожынскім раёне — за 6,9 мільёна рублёў.

Апошнія два аб’екты выставілі ўжо другім разам, зьнізіўшы кошты. «Дрымлэнд» патаньнеў у тры разы.

Юры Авярʼянаў, фота Дзьмітрыя Брушко, Tut.by

Аб’екты належаць фірме «Ростэм», якую кантраляваў бізнэсмэн Юрый Авяр’янаў. Яшчэ некалькі гадоў таму Юрый Авяр’янаў уваходзіў у лік самых багатых беларусаў. Сярод бізнэс-актываў, якія ён кантраляваў ці працягвае кантраляваць, — аўтарынак у Малінаўцы, рынак на стадыёне «Дынама», шэраг забаўляльных устаноў, у тым ліку такія вядомыя ў Менску начныя клюбы, як Madison Royal Club, U2, «Бліндаж».

Тут раней месьціўся клюб «Бліндаж»

Але цяпер бізнэс-імпэрыя Авяр’янава развальваецца на вачах. Эканамічны суд Менску ў жніўні 2019 году прызнаў «Ростэм» банкрутам, на фірмах уведзеная ліквідацыйная вытворчасьць.

Сам Юрый Авяр’янаў у 2017 годзе быў абвешчаны ў міжнародны вышук і ўрэшце затрыманы праваахоўнікамі Нямеччыны. Дагэтуль ня вырашана, ці вышлюць бізнэсмэна на суд у Беларусь.

«Усяго дамагаўся сам»

Юрый Авяр’янаў лічыўся адным зь першых у краіне даляравых мільянэраў. Мяркуецца, што першы мільён даляраў ён зарабіў на здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў на ўласным рынку, які здолеў адкрыць на тэрыторыі менскага стадыёну «Дынама».

Калі ўлічыць, што ў тыя часы спартовае таварыства «Дынама» было міліцэйскай структурай, дык камэрцыйныя здольнасьці Авяр’янава падаюцца сапраўды неверагоднымі. Рынак на самым вялікім у краіне стадыёне працаваў больш за 15 гадоў. Плошчы на ім адначасова арандавалі да 2 тысяч гандляроў. Капітал мог набрацца вялікі, мяркуюць экспэрты.

«Я ўсё сваё жыцьцё самастойна прабіваў сабе дарогу. У мяне жалезная загартоўка зь дзяцінства, і таму ўсе мае праекты, якія першапачаткова ацэньваліся іншымі як правальныя, сёньня пасьпяхова рэалізаваныя», — казаў былы выхаванец дзіцячага дома Авяр’янаў.

Першая справа аб падатках

Наступным буйным праектам бізнэсмэна стаў аўтарынак у Малінаўцы. У канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя праз «Малінаўку» прадавалася больш аўтамабіляў, чым праз усе іншыя гандлёвыя пляцоўкі краіны разам. Пазьней на базе аўтарынку была зарэгістраваная фірма «Гандлёвы сьвет — „Кальцо“», справы ў якой пайшлі яшчэ больш пасьпяхова, а бізнэс стаў разнастайным. Юрый Авяр’янаў у інтэрвію падкрэсьліваў, што зноў сакрэт такога посьпеху — у ягонай асобе.

Але ўжо на пачатку 2000-х гадоў да кіраўніцтва аўтарынку ўзьніклі прэтэнзіі наконт нясплаты падаткаў. На лаве падсудных апынуліся адразу 6 кіраўнікоў і адказных супрацоўнікаў фірмы. Людзей Авяр’янава абвінавацілі ў нясплаце падаткаў агулам на некалькі сотняў тысяч даляраў.

Аўтарынак у Малінаўцы, 2007 год

Самога бізнэсоўца таксама выклікалі на допыты, але пасьля першай сустрэчы са сьледчым ён зь Беларусі зьехаў і вярнуўся толькі праз два гады, калі справу супраць яго ўжо закрылі. А ўсе фігуранты справы кіраўнікоў аўтарынку былі асуджаныя і атрымалі хто тры гады «хіміі», хто штраф.

Праект мары, які стаў праектам банкруцтва

Авяр’янаў не здаваўся і працягваў спараджаць усё новыя праекты. Будаўнічы рынак ва Ўруччы, рэстараны, начныя клюбы, паркінг, кінатэатар...

Будаўнічы рынак ва Ўруччы

Магчыма, самым амбітным мог стаць ягоны праект будаўніцтва ў Менску аквапарку «Дрымлэнд». Адкрыць яго плянавалася ў 2013 годзе, і, здавалася, нішто не магло гэтаму перашкодзіць. Прыгожае прыроднае асяродзьдзе на беразе Сьвіслачы. Зручная транспартная лякацыя — побач з аўтамабільнай разьвязкай праспэкту Пераможцаў і 1-га транспартнага кальца. Плюс сувязі бізнэсмэна ва ўладных структурах, уласная амбітнасьць. Зноў усё прадказвала посьпех.

Але выйшла ня так. Паводле крыніцы ў адным зь беларускіх камэрцыйных банкаў, менавіта на пабудову «Дрымлэнда» Юрый Авяр’янаў узяў крэдыт на 40 мільёнаў даляраў, які ня змог вярнуць дагэтуль. Больш як два гады таму Юрый Авяр’янаў зноў зьехаў за мяжу і асеў у Нямеччыне, адкуль спрабаваў працягваць бізнэс у Беларусі.

Аквапарк у «Дрымлэндзе» ў сьпякотны дзень

Банк дагэтуль абвінавачвае бізнэсмэна ў невяртаньні крэдыту, бізнэсмэн у адказ вінаваціць банк у рэйдэрскім захопе ягонай уласнасьці. Жоўтыя трубы аквапарку ў «Дрымлэндзе» дагэтуль узвышаюцца на беразе Сьвіслачы непадалёк ад вуліцы Арлоўскай, але, пабляклыя, цяпер яны выглядаюць хутчэй помнікам мары.

«Працэдура экстрадыцыі працягваецца»

У кастрычніку 2017 году старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч публічна паведаміў, што бізнэсмэн Юрый Авяр’янаў абвешчаны ў міжнародны вышук. Спачатку стала вядома, што яго вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры, пазьней да гэтага дадалі падазрэньні ў злоўжываньнях. А ў дачыненьні да аднаго з асноўных актываў Авяр’янава — «Гандлёвы сьвет — „Кальцо“» — была распачата вытворчасьць па справе аб банкруцтве і накладзены арышт.

Атрымаць камэнтар ад прадстаўнікоў фірмы «Гандлёвы сьвет — „Кальцо“» не ўдалося. Тэлефон для кантактаў, пазначаны на сайце кампаніі, не адказвае.

Аўтарынак у Малінаўцы, архіўнае фота

Выдачы Юрыя Авяр’янава пракуратура Беларусі дамагаецца ад Нямеччыны ўжо 2 гады, але з розных прычын канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. У лютым 2018 году Юрый Авяр’янаў быў арыштаваны, пазьней суд прызначыў яму іншую меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе.

«Але працэдура ня спыненая, яна працягваецца», — сказаў прэсавы сакратар Генпракуратуры Дзьмітрый Брылёў. Паводле Дзьмітрыя Брылёва, у практыцы пракуратуры бывалі выпадкі, што падазроных у злачынстве экстрадзіравалі зь Нямеччыны ў Беларусь больш як праз два гады пасьля падачы запыту.

«Але гэтую інфармацыю ні ў якім разе нельга ўспрымаць як ціск на другі бок», — дадаў Дзьмітрый Брылёў.

Пры чым тут дачка Вікторыя?

Супраць Вікторыі Авяр’янавай, як і супраць яе бацькі, Сьледчы камітэт завёў справу аб ухіленьні ад падаткаў у асабліва вялікім памеры. Нядаўна Цьвярскі суд Масквы арыштаваў Вікторыю Авяр’янаву на два месяцы, яе экстрадыцыі ў Беларусь дамагаецца Генпракуратура краіны. Жанчына кіруе фірмай «Інтэкс», якая кіруе некалькімі менскімі рэстаранамі і клюбамі, у тым ліку Africana, Taboo і Madison, зь сямейнай імпэрыі Авяр’янавых.

Клюб Мэдысан»

Гаворка ідзе пра ўхіленьне ад сплаты падаткаў на суму каля 900 тысяч беларускіх рублёў у пэрыяд з 2010 па 2015 год. Ці гэта не старыя беларускія рублі, да дэнамінацыі? — задаваўся пытаньнем на судзе абаронца Вікторыі Авяр’янавай. Паводле расейскіх законаў нясплата падаткаў у невялікай суме — не крымінальнае злачынства. Але суд усё ж вырашыў на 2 месяцы арыштаваць бізнэс-лэдзі зь Беларусі, нягледзячы і на тое, што ў яе малое дзіця.

Ці зьвязаная справа Вікторыі Авяр’янавай са справай ягонага бацькі? Гэтае пытаньне ў Генпракуратуры пераадрасуюць да сьледчых, а тыя пакуль нічога не камэнтуюць.

«Трэба пачакаць. Яе ў Менск яшчэ не прывезьлі», — кажуць у Сьледчым камітэце Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску выставілі на продаж Дом друку, парк «Дрымлэнд» і будаўнічы рынак ва Ўруччы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з імпэрыяй Юрыя Чыжа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бясплатныя прыбіральні, міні-заапарк. Ці памрэ ў Менску першы гандлёвы цэнтар гораду. Фота