Тысячы беларусаў дапамаглі адбудаваць пасьля пажару ўнікальны прытулак для траўмаваных птушак. ВІДЭА

Птушыны прытулак за 30 кілямэтраў ад райцэнтру Асіповічы на Магілёўшчыне ўзнавіў працу пасьля сакавіцкага пажару. Адбудавацца дапамаглі ахвяраваньні тысяч беларусаў. Як зьмянілася жыцьцё прытулку, куды возяць пакалечанае птаства з усёй Беларусі, Свабодзе расказалі яго гаспадары Жанна і Аляксандар Сталяровы.

Пра Сталяровых і іх занятак сьцісла

  • Ратаваньнем птушак заняліся ў 2013 годзе. Арганізавалі гадавальнік «Птушыны двор». Для яго набылі сядзібу на ўскрайку вёскі Майсеевічы.
  • У 2017-м заснавалі прыватную некамэрцыйную ўстанову «Ахова прыроды».
  • Лічаць прытулак унікальным ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе.


Буслы, чайкі, якія засталіся ў прытулку Сталяровых зімаваць. Большасьць зь іх застануцца тут назаўжды

На заклік дапамагчы прытулку адгукнуліся 8 тысяч чалавек

Сядзіба Сталяровых у вёсцы Майсеевічы пацярпела ад пажару 27 сакавіка 2019 году. Датла згарэў зімоўнік, у ім загінулі чорны бусел, палявы лунь і 400 індычанят, якіх гаспадары зьбіраліся прадаваць, каб на выручаныя грошы карміць траўмаваных птушак.

Сёлета ў сакавіку ў прытулку згарэў хлеў з птушкамі

Тады Сталяровы папрасілі неабыякавых людзей дапамагчы аднавіць прытулак. Яны кажуць, што на заклік адгукнуліся больш за 8 тысяч чалавек. Ім ахвяравалі грошы і прывозілі будаўнічыя матэрыялы.

«Маральная падтрымка была таксама дужа важная, — адзначае гаспадыня прытулку Жанна. — Нам было цяжка перажыць пажар. Няпроста было звыкнуцца, што загінулі птушкі».

Паводле яе, расьсьледаваньне справы аб пажары працягваецца. Ня выключана, што зімоўнік падпалілі наўмысна. Праваахоўнікі знайшлі адбіткі чужых ног і зрабілі зьлепкі.

Жанна кажа, што пажар навучыў іх асьцярожнасьці з наведнікамі. Пляцоўку цяпер агароджваюць. Паставілі камэры відэаназіраньня. Вальеры будуюць зь негаручых матэрыялаў.

Вывадак страўсянят пасяліўся ў вальеры на месцы згарэлага зімоўніка

Даглядаць траўмаваных птушак ня танна

Паводле суразмоўніцы, дапамога патрэбная і цяпер, каб дапамагчы перабыць зіму 58 птушкам. Гаспадары сьпяшаюцца дабудаваць для іх цёплыя вальеры ды загоны. У ранейшым інтэрвію Свабодзе яны казалі, што на ўтрыманьне птушак штомесяц трэба блізу 3 тысяч рублёў. Кожны від вымагае свайго рацыёну.

Гаспадыня прытулку Жанна Сталярова

Жанна кажа, што ў яе і мужа ёсьць досьвед вэтэрынарнага догляду за птушкамі. Сама яна эколяг, а Аляксандар — біёляг. Зь нескладанымі апэрацыямі яны ўпраўляюцца самі. Цяжэйшыя траўмы вымагаюць кансультацыяў спэцыялістаў-арнітолягаў. Такіх адмыслоўцаў у Беларусі няшмат, і іхныя паслугі абыходзяцца нятанна.

«Напрыклад, паставіць сьпіцу буслу каштуе блізу 250 рублёў, — дзеліцца сваім клопатам яна. — Нам патрабуецца зашывачны матэрыял, наркоз, іншыя мэдыкамэнты. Акрамя таго, у нас няма самога вэтэрынарнага абсталяваньня».

Як і мінулым разам, калі Свабода наведвала прытулак, гаспадары спадзяюцца на прыбытак ад гадоўлі страўсаў эму. Ад дзьвюх пар ужо ёсьць невялікія вывадкі птушанят. Па словах Жанны, аднаго страўса купіў Жлобінскі заапарк. Яшчэ чатырох неўзабаве забяруць пакупнікі. Ёсьць попыт і на страўсіныя яйкі.

Чым дапамагае прытулку дзяржава

Занятак Сталяровых у Беларусі не ліцэнзуецца. Па іх словах, чакаць матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы не выпадае.

Чырванакніжныя пу́стальгі застануцца ў прытулку назаўжды

«На дагляданьне птушак такая дапамога не прадугледжаная, — тлумачыць Жанна. — Дзяржаўныя прыродаахоўныя арганізацыі аказваюць дапамогу ў афармленьні дакумэнтаў. І за гэта мы ім удзячныя».

Паводле яе, беларускае заканадаўства вымагае, каб вынятая з прыроды жывёла была зарэгістраваная. Дзеля гэтага неабходна зьвярнуцца ў інспэкцыю прыродных рэсурсаў ці міліцыю таго раёну, дзе траўмаваную птушку падабралі.

Совы чакаюць пераезду ў новы вальер

Затым ствараецца камісія, якая вырашае, ці патрабуецца птушцы дапамога. Калі так, то афармляецца акт і яе перадаюць прытулку. Гэты акт яшчэ рэгіструецца ў Міністэрстве прыроды, якое зацьвярджае рашэньне пра ўтрыманьне птушкі ў няволі. Невыкананьне працэдуры могуць расцаніць як браканьерства.

Калі зарэгістраваную птушку выпускаюць у прыроду, дадае Жанна, то павінны прысутнічаць супрацоўнікі камітэту прыродных рэсурсаў.

Новыя гадаванцы — тыя ж гісторыі калецтва

Сталяровы кажуць, што, нягледзячы на пажар, у пэрыяд гнездаваньня ў прытулку перабывалі нядолю больш за 100 птушак. Амаль кожная пацярпела ад рук чалавека. Па многіх стралялі, каб пазабаўляцца. Найбольш траўмаваных сярод крумкачовых і галубоў.

Крумкача ў прыроду ня выпусьцяць. Ягоныя траўмы невылечныя

«Гэтыя птушкі бліжэй да чалавека, і яны першымі цярпяць ад яго. Абстрыгаюць тых жа сарок, варон», — кажа Жанна.

«Натуральным адборам гэта нельга назваць, — дадае яна. — Ён будзе адбывацца тады, калі чалавек у гэтым ня будзе ўдзельнічаць».

Сёлета Сталяровы выхадзілі палявога луня, акальцаванага ў Чэхіі. Яго зьбіла машына ў Клімавіцкім раёне. Інспэкцыя прыродных рэсурсаў папрасіла вылечыць.

«Мы зьвязаліся з праскімі калегамі, і тыя паабяцалі з намі супрацоўнічаць. Адзначылі, што наш прытулак унікальны для Эўропы», — кажа Жанна.

Хуткая дапамога прытулку. На машыне абʼезьдзілі ўсю Беларусь

З адзінаццаці буслоў, якія засталіся зімаваць, у прыроду вернуцца толькі чатыры. Найбольш характэрныя пашкоджаньні ў гэтых птушак здараюцца падчас касавіцы: ногі трапляюць у мэханічныя жаткі.

У загоне з бусламі чакаюць зімы дзьве чайкі і качка. У прыроду яны ня вернуцца. У адной чайкі кулявое раненьне. Жанна кажа, што сёлета ў прытулку выхадзілі больш за дзясятак азёрных чаек.

Сярод тых, хто ня трапіць на волю, — крумкач. Зламанаму крылу далі рады, але лятаць ён ня зможа. У прытулку застануцца і восем соваў, дзьве чырванакніжныя пустальгі — у іх праблемы таксама з крыламі.

Новы вальер для крумкачовых узьведзены на ахвяраваньні

Зьбіраецца пакінуць прытулак лебедзь. Яму прастрэлілі сьпіну. У кампаніі зь ім — самка. У яе было зламанае крыло, якое давялося ампутаваць. Жанна спадзяецца, што лебедзі створаць пару. Па яе словах, сёлета ў прыроду прытулак вярнуў траіх лебедзяў.

«Наша місія — ратаваць разнастайнасьць плянэты»

Гаспадары прытулку кажуць, што зьбіраюцца пашырацца, бо год ад году пакалечанага птаства становіцца ўсё болей. Яны адзначаюць, што птушкі — гэта баромэтар здароўя зямлі. Калі яны зьнікнуць, то і чалавек надоўга не затрымаецца. Паводле іх, кожны чалавек павінен жыць у гармоніі з прыродай.

Сын Сталяровых Ратмір — «валянтэр прытулку»

«Наша місія ў тым, каб ратаваць прыродную разнастайнасьць плянэты, — даводзіць Жанна. — Нашай сямʼі гэта блізка».

Апроч саміх Сталяровых, у прытулку няма іншых работнікаў. Пяцігадовага сына Ратміра яны называюць валянтэрам. Ён хоча стаць біёлягам-арнітолягам. Сваім сябрам з задавальненьнем апавядае, чым займаюцца бацькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ратавацца трэба было, як высякалі дрэвы». У Магілёве хаваюцца «зялёным шчытом» ад хімічных прадпрыемстваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь магла б зарабляць на пітной вадзе, а прапускае яе скрозь пальцы. Гутарка з гендырэктарам «Дарыды»