Падчас матчу Беларусь — Галяндыя 13 кастрычніка заўзятараў не пускалі на стадыён у шаліках з гербам «Пагоня». Да тых, каго прапусьцілі, на сэктары падыходзілі людзі ў цывільным.
Што адбылося?
Як распавёў Свабодзе Алесь Крот, 13 кастрычніка яго не пускалі на матч Беларусь—Галяндыя ў шаліку зь гербам «Пагоня». Пры гэтым 10 кастрычніка на матчы з Эстоніяй «амапаўцы спакойна прапускалі такую атрыбутыку».
Не пускалі на стадыён, падыходзілі на сэктары
Забарону «Пагоні» амапаўцы патлумачылі Крату патрабаваньнем арганізатараў матчу, не ўдакладняючы хто гэта менавіта. На стадыён заўзятара ўсё ж пусьцілі, але сказалі:
«Я вас прапушчу, але на тэрыторыі стадыёну гэта будзе лічыцца правапарушэньнем і мяне абавязкова затрымае «патруль», — цытуе амапаўца Крот.
Яшчэ двух сяброў Крата не прапусьцілі на стадыён у адзеньні з «Пагоняй», а да двух падышлі наўпрост на сэктар.
АБФФ: Гэта ня першы такі выпадак
Прэс-сакратар АБФФ Аляксандар Алейнік сказаў Свабодзе, што матч сапраўды арганізоўваў АБФФ, але да заўзятараў падыходзілі не супрацоўнікі фэдэрацыі, і параіў зьвярнуцца ў міліцыю. Прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава не змагла апэратыўна пракамэнтаваць сытуацыю.
Паводле Алейніка, з пункту гледжаньня бясьпекі фэдэрацыя інструктуе толькі ст’юардаў. Калі гэта былі ст’юарды, фэдэрацыя будзе разьбірацца.
«Гэта ўжо ня першы выпадак, калі такое адбываецца. Мы заўжды вінаватыя, хоць гэта ня ў нас трэба пытаць», — сказаў Алейнік.
Пазьней Алейнік дадаў, што ня можа камэнтаваць здарэньне.