Затрыманую ў Менску на запыт ЗША грамадзянку Расеі Ганну Багачову вызвалілі. Пра гэта паведаміла расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на пасольства Расеі ў Беларусі.
Паведамлялася, што Багачову затрымалі 13 кастрычніка каля 22 гадзін у адным зь менскіх гатэляў.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі зрабіла наступную заяву ў сваім афіцыйным Тэлеграм-канале:
«Сёньня, 15 кастрычніка, у адрас МУС Беларусі ад беларускіх і расейскіх журналістаў паступілі запыты з просьбай пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю пра затрыманьне ў Менску грамадзянкі Расейскай Фэдэрацыі Ганны Багачовай. Ганна Багачова была затрыманая ў адной з гасьцініц гораду Менску як асоба, якая знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэньня і прыняцьця рашэньня ў пракуратуру. У цяперашні час яна адпушчаная».
Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера.
Хто такая Ганна Багачова
Як высьветліла расейская служба Радыё Свабода, Ганна Багачова добра вядомая ў колах расейскіх нацыяналістаў як «Анна Тригга». Яна была актывісткай арганізацыі «Русский образ», уваходзіла ў «групу падтрымкі» Ільлі Гарачава на судзе па справе «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» (Борн), па выніках якога Гарачаў атрымаў пажыцьцёвы тэрмін за арганізацыю некалькіх забойстваў.
Таксама паведамляецца, што яна была знаёмая з Марыяй Буцінай, якая таксама трапіла ў поле зроку ФБР падчас расьсьледаваньня справы аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары і пасьля пагадненьня са следзтвам была асуджаная ў ЗША да аднаго з паловай гадоў пазбаўленьня волі за дзейнасьць у якасьці незарегістраванага агента замежнага ўраду.
Вядома, што ў 2011 годзе Ганна Багачова выступала на моладзевым форуме ў Беларусі зь лекцыяй «пра інфармацыйную бясьпеку і сацыяльныя сеткі». Яна фігуруе на фота ў Інстаграме былога актывіста арганізацыі «Русский образ» Яўгена Валяева.
На іншым фота, апублікаваным тэлеграм-каналам «Белорусский порядок», разам з Валеевым і Багачовай ёсьць і Сяргей Лушч — цяперашні кіраўнік зарэгістраванага ў Беларусі грамадзкага аб’яднаньня «Русь молодая».
Гэта створаная ў 2005 годзе праўрадавая расейская моладзевая арганізацыя, якая сваёй ідэалёгіяй называе «грамадзянскі нацыяналізм».
Сяргей Лушч адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра Багачову, сказаўшы, што знаходзіцца ў камандзіроўцы.