Згуртаваньне беларускай дыяспары ў Швэцыі «Sveriges Belarusier» зладзіла 15 кастрычніка пікет ў цэнтры Стакгольму з заклікам скасаваць у афіцыйным ужытку слова «Vitryssland» як назву для Беларусі.
Удзельнікі пікету зьвярталіся з такой просьбай да новай міністаркі замежных справаў. На плякатах былі звароты да швэдаў: «Ты не белафін, я не беларасеец», «Гэта ня мы абралі (Бела)Пуціна», «Гэта ня мы прысабечылі (Бела)Крым». Чалавек у касьцюме белага мядзьведзя трымаў шыльду «Белы расейскі (не беларасейскі) мядзьведзь».
Старшыня рады беларусаў Швэцыі Леся Руднік патлумачыла: пікетоўцы хацелі, каб міністарка «ўявіла сабе, як гэта адчуваецца, калі цябе кожны дзень блытаюць зь іншым народам і асацыююць цябе з краінай, у якой за апошні час склалася вельмі адмоўная рэпутацыя сярод швэдаў».
Былы дырэктар інтэрнэт-пляцоўкі «Куфар» Міхаіл Сэндэр жа тлумачыў: гэта нармальна, калі краіна мае на іншай мове іншую назву, але «калі ў назьве закладзеная назва іншай сучаснай краіны, ды яшчэ вельмі праблемнай краіны, гэта праблема».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вітрюслянд, Лефкоросія ды Фэгэроросорсаг — як у Эўропе называюць Беларусь (інфаграфіка)У швэдзкай мове цяпер прынята называць Беларусь словам «Vitryssland», а беларусаў — «vitryssar» (даслоўна гэта значыць «Беларасея» і «беларасеец»). Але пасьля заклікаў беларускай дыяспары і мясцовых палітыкаў Швэдзкая акадэмія ў 2009 годзе ўнесла ў слоўнікі і слова «belarusier» для пазначэньня беларусаў. Міністэрства замежных справаў Швэцыі ў 2015 годзе пагадзілася ўнесьці назву «Belarus» у афіцыйны сьпіс назваў краінаў, але ў дужках побач з «Vitryssland».
У тым жа 2015 годзе найбуйнейшая газэта Швэцыі Dagens Nyheter заявіла аб пераходзе з «Vitryssland» на «Belarus». Па стане на 2019 год у артыкулах на сайце газэты пэрыядычна трапляецца «старая» назва, але часьцей Беларусь называюць Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 白罗斯, а не 白俄罗斯! Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску