Расейскі сэрвіс пошуку танных авіяквіткоў Aviasales апытаў тысячу карыстальнікаў і днямі агучыў рэйтынг самых сумных гарадоў Эўропы. У сьпіс трапіла і беларуская сталіца.
Свабода згадала і іншыя рэйтынгі, дзе Менск трапляў у топ за апошні год.
Самыя сумныя гарады Эўропы
У рэйтынг Aviasales увайшлі восем гарадоў:
- Хэльсынкі (за маленькую колькасьць славутасьцяў і дрэннае надвор’е).
- Браціслава (тут, на думку турыстаў, нецікава, нясмачна і дорага).
- Карлавы Вары (паводле апытаных, «горад маленькі і ў ім мала забаваў).
- Мюнхэн (адны турысты сказалі, што «пасьля васьмі вечара няма куды пайсьці, акрамя піўных бараў», іншым не хапіла незвычайных славутасьцяў).
- Варшава (яе апытаныя назвалі «сумным, шэрым горад зь мінімумам культурна-гістарычных абʼектаў»).
- Піза (апытаныя Aviasales турысты не знайшлі ў ёй нічога цікавага, акрамя вежы).
- Вільнюс (тут падарожнікі сумавалі па вечарах і ня ведалі, чым заняцца).
- Менск (апытаныя адзначылі пустэчу і «адсутнасьць разынкі»).
Топ-10 гарадоў для наведваньня ў Эўропе ў 2019 годзе
Цікава, што ў гэтым рэйтынгу, складзеным брытанскім выданьнем Independent, Менск сярод гарадоў, якія варта наведаць у 2019 годзе, згадваецца найперш.
Паводле выданьня, прывабнасьць беларускай сталіцы падвысілася дзякуючы 30-дзённаму бязьвізаваму рэжыму, адной з прычынаў, па якіх варта наведаць Менск у 2019 годзе, выданьне называла другія Эўрапейскія гульні. У рэйтынгу адзначаецца, што ў Менску абавязкова варта паглядзець Стары горад, таксама ў сталіцы турысты знойдуць «мноства хіпстэрскіх кавярняў і кактэйль-бараў». Выданьне адзначае, што турыстаў напэўна ўразіць тое, наколькі Менск чысты, бясьпечны і прыязны горад.
Акрамя Менску, у рэйтынг увайшлі Ратэрдам (Нідэрлянды), Сітжэс (Гішпанія), Арль (Францыя), Сараева (Босьнія), Рым (Італія), Дыснэйлэнд у Парыжы, Бялград (Сэрбія), Вэнэцыя (Італія), Брысталь (Вялікая Брытанія).
Рэйтынг 30 самых чыстых гарадоў сьвету
У рэйтынгу 30 самых чыстых гарадоў на плянэце, складзеным амэрыканскім парталам The Street у кастрычніку мінулага году, Менск заняў трэцяе месца.
Рэйтынг складзены на падставе водгукаў падарожнікаў, пакінутых на сайце рэзэрваваньня жытла booking.com. Самы чысты, на іх думку, Сынгапур. На другім месцы — Токіё (Японія), на трэцім — Менск. «Сталіца і найбуйнейшы горад Беларусі часта рэклямуецца турыстычнымі абʼектамі як самы чысты горад у сьвеце. Старанныя працаўнікі клапоцяцца пра шматлікія паркі гораду і ўтрымліваюць вуліцы ў чысьціні», — піша The Street.
Самыя бясьпечныя гарады сьвету
У рэйтынгу гарадоў сьвету па ўзроўні бясьпекі на 2019 год, складзеным парталам Numbeo у ліпені, Менск заняў 37-е месца ў бясьпечнасьці ў сьпісе з 328 гарадоў сьвету.
Самым бясьпечным горадам у сьвеце складальнікі рэйтынгу 2019 году назвалі Абу-Дабі (ААЭ), у дзясятку таксама трапілі Доха (Катар), Квэбэк Сіці (Канада), Тайбэй (Тайвань), Мюнхэн (Нямеччына), Дубай (ААЭ), Цюрых і Бэрн (Швайцарыя), Ганконг і Эскішэхір (Турэччына). Самым небясьпечным для людзей горадам на плянэце стала сталіца Вэнэсуэлы Каракас, горад знаходзіцца на апошнім месцы ў рэйтынгу.
Менск найгоршы ў Эўропе якасьцю жыцьця
У рэйтынгу якасьці жыцьця розных гарадоў сьвету ў 2019 годзе, які штогод складае амэрыканская кансалтынгавая кампанія Mercer, Менск зноў апынуўся на апошнім месцы сярод эўрапейскіх гарадоў. У сьпісе гарадоў па ўсім сьвеце Менск заняў 188-е месца (усяго ў рэйтынгу 231 горад).
Пяць лепшых гарадоў па вэрсіі Mercer: Вена, Цюрых, Ванкувэр, Мюнхен, Окленд. У «суседзяў» Беларусі наступныя месцы ў рэйтынгу: Масква — 167-е месца, Рыга — 90-е, Варшава — 82-е, Кіеў — 173-е, Вільня — 81-е месца.
Рэйтынг складаецца з улікам 39 фактараў, згрупаваных у 10 катэгорый: палітычнае і сацыяльнае асяродзьдзе, эканамічнае, сацыяльна-культурнае асяродзьдзе, мэдыцына і здароўе, інфраструктура і транспарт, магчымасьці для адпачынку, школьніцтва і адукацыя, жыльлё, навакольнае асяродзьдзе, спажывецкія тавары. Каб трапіць на высокі радок у сьпісе, трэба быць лідэрам не па большасьці пазыцый, а па ключавых зь іх.
Рэйтынг найлепшых студэнцкіх гарадоў сьвету
Сёлета Менск трапіў у штогадовы рэйтынг Найлепшых гарадоў для студэнтаў QS-2019, праўда, заняў у ім толькі апошняе 120-е месца. Рэйтынг падрыхтавала сусьветная кампанія ў сфэры вышэйшай адукацыі QS Quacquarelli Symonds.
Лепшымі гарадамі для студэнтаў, на думку складальнікаў рэйтынгу, у гэты раз апынуліся Лёндан (1-е месца), Токіё (2-е), Мэльбурн (3-е). На перадапошні 119-ы радок трапіў горад Лэстэр (Вялікая Брытанія), а на 118-ы — Кіеў.
Пры складаньні сьпісу ўлічваюцца рэйтынг унівэрсытэтаў, інтэрнацыянальная разнастайнасьць студэнтаў, прывабнасьць гораду (бясьпека, мэдыцына, узровень карупцыі і інш.), актыўнасьць працадаўцаў, даступнасьць, а таксама думкі студэнтаў.
20 найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы, дзе практычна няма турыстаў
У 2019 годзе Менск таксама трапіў у «сьпіс найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы, дзе практычна няма турыстаў», складзены амэрыканскім тэлеканалам CNN у ліпені.
«Хочаце наведаць нешта новае, не змагаючыся зь вялізнымі натоўпамі турыстаў, якія любяць сэлфі, як у Вэнэцыі, Парыжы і Амстэрдаме? Вось наш выбар самых прыгожых эўрапейскіх гарадоў, дзе практычна няма турыстаў».
У сьпіс таксама трапілі ангельскі Норвіч, дацкі Архус, галяндзкая Гаага, Сараева ў Босьніі, Прышціна ў Косаве, а таксама Ўроцлаў, Тбілісі, Ерэван і іншыя.
Пішучы пра Менск, аўтары згадалі, што ён быў практычна зьнішчаны ў гады ІІ усясьветнай вайны і стаў «добрай глебай для савецкай перабудовы». «Турысты могуць паблукаць па шырокай плошчы Незалежнасьці ў сем гектараў, перш чым адправіцца ў музэй Вялікай Айчыннай вайны, дзе расказваецца пра тое, як Беларусь пераадолела нацысцкую акупацыю», — гаворыцца ў публікацыі СNN. Менскія бары стваральнікі рэйтынгу найлепшых эўрапейскіх гарадоў без турыстаў называюць легендарнымі і раяць паспытаць шматлікія гатункі піва «пасьля агляду адметнасьцяў».
Топ гарадоў сьвету ад рабочых-«качэўнікаў»
Свой рэйтынг гарадоў сьвету на сайце NomadList складаюць людзі, якія працуюць дыстанцыйна і шмат вандруюць.
На момант публікацыі Менск знаходзіцца на 60-ай пазыцыі паміж румынскім горадам Плаешці і польскімі Катавіцамі. Ён атрымаў 3,43 бала зь 5 магчымых пры 208 водгуках.
Сярод «плюсаў» гораду «качэўнікі» адзначаюць наступныя: цана на пражываньне, хуткасьць інтэрнэту, бясьпека, магчымасьць прайсьціся па горадзе; месцы для працы, наяўнасьць ацяпленьня і кандыцыянэраў, ветлівасьць да замежнікаў, прастора і нешматлюднасьць, лёгкасьць вядзеньня бізнэсу, высокая якасьць адукацыі.
Сярод кепскіх асаблівасьцяў гораду — ахова здароўя; валоданьне ангельскай мовай сярод мясцовых, бясьпека для жанчынаў, ветлівасьць да ЛГБТ-супольнасьці; рэйтынг стартапаў, разнастайнасьць забаваў, холад зімой, магчымасьць завесьці сяброў, дэмакратычнасьць, курэньне сярод мясцовых.
Топ-5 гарадоў у рэйтынгу на момант публікацыі — Будапэшт (Вугоршчына), Тайбэй (Тайвань), Лісабон (Партугалія), Бангкок (Тайлянд) і Чангу, Балі (Інданэзія). Рэйтынг увесь час мяняецца, у жніўні, напрыклад, ён быў такім.