Вярхоўны суд Таджыкістану прызнаў Нацыянальны альянс — групу таджыцкіх апазыцыянэраў, якія жывуць у краіне і за мяжой, — экстрэмісцкай і тэрарыстычнай арганізацыяй, паведамляе «Настоящее время».
Паведамленьне Вярхоўнага суду распаўсюдзілі 11 кастрычніка. У ім гаворыцца, што дзейнасьць арганізацыі на тэрыторыі рэспублікі забаронена з 15 жніўня 2019 году.
У гэты альянс, створаны ў 2018 годзе, уваходзяць чатыры апазыцыйныя групы — забароненая ў краіне Партыя ісламскага адраджэньня Таджыкістану (ПІФТ), «Кангрэс вальнадумцаў Таджыкістану», «Рэформа і разьвіцьцё Таджыкістану» і «Кангрэс мігрантаў Цэнтральнай Азіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі таджыцкага апазыцыянэра, яму пагражае экстрадыцыяМэта альянсу — аб’яднаньне апазыцыйных сіл, захаваньне правоў чалавека, прасоўваньне дэмакратыі, свабодных і празрыстых выбараў. Пры гэтым таджыцкія ўлады і дзяржаўныя СМІ неаднаразова называлі альянс «спадкаемцам» ісламскай партыі.
Кіраўнік руху «Рэформа і разьвіцьцё Таджыкістану» Шарафіддын Гадоеў у інтэрвію таджыцкай службе Радыё Свабода назваў рашэньне суду неабгрунтаваным.
«Рашэньне суду ня мае прававой асновы. Урад Таджыкістану прывык аб’яўляць любую арганізацыю, дзейнасьць якой супярэчыць ягонай палітыцы, экстрэмісцкай, — сказаў ён. — У нашых гутарках не гучаць заклікі да тэрарыстычных дзеяньняў. Нашы заклікі накіраваныя на пабудову дэмакратычнага грамадзтва і правядзеньне рэформаў у Таджыкістане. Мы працягнем сваю дзейнасьць, незалежна ад рашэньня суду».