Гэтыя словы Сі Цзіньпінь сказаў падчас дзяржаўнага візыту ў Нэпал у нядзелю, паведамляе BBC.
«Тыя, хто паспрабуе аддзяліць любы рэгіён ад Кітаю, загінуць, іх целы будуць раздушаныя, а косьці расьцёртыя ў парашок», — заявіў Сі Цьзіньпінь.
У сваёй заяве кіраўнік Кітаю не назваў нейкі канкрэтны рэгіён, але экспэрты мяркуюць, што гаворка ідзе пра Ганконг, дзе ўжо доўгі час адбываюцца пратэсты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Ганконгу пратэстуюць пасьля забароны на маскі«Кітайскі народ можа лічыць, што любыя зьнешнія сілы, якія падтрымліваюць раскол Кітаю, падмаваюць сябе», — сказаў ён.
Пасьля пачатку пратэстаў у Ганконгу, чатыры месяцы таму, Кітай абвінаваціў «зьнешнія сілы» у распальваньні хваляваньняў і абвінаваціў ЗША і Вялікабрытанію ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Кітая.
Сі Цзіньпін пакуль не пракамэнтаваў самі пратэсты ў Ганконгу, таму гэтыя словы будуць успрымацца як сур’ёзнае папярэджаньне ў бок дэманстрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Apple выдаліла праграму для дэманстрантаў у Ганконгу са сваёй крамыПэкін дагэтуль заяўляў, што паліцыя Ганконгу здольная сама справіцца з крызісам. Але ўдзельнікі акцыі асьцерагаюцца, што Пэкін можа накіраваць войскі з мацерыковага Кітаю ў Ганконг, каб спыніць гвалт на вуліцах.
Пратэсты ў Ганконгу працягваюцца ад сакавіка. Дэманстранты спачатку дамагаліся адмены разгляду закона аб экстрадыцыі абвінавачаных у злачынствах у мацерыковы Кітай. Затым патрабаваньні пашырыліся. Галоўнае зь іх — захаваньне аўтаноміі горада і адстаўка ганконскіх уладаў. Гучаць і патрабаваньні незалежнасьці ад Кітаю. Кітайскія ўлады асуджаюць пратэсты і пагражаюць іх удзельнікам жорсткімі мерамі.
Ганконг, які доўгі час быў брытанскай тэрыторыяй, перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.