Вярхоўны суд Гішпаніі асудзіў дзевяцёх каталёнскіх лідэраў на турэмнае зьняволеньне ад 9 да 13 гадоў за арганізацыю рэфэрэндуму за незалежнасьць Каталёніі ў 2017 годзе.
Пра гэта паведамляе The Guardian, адзначаючы, што самае цяжкае абвінавачаньне — удзел у бунце — суд з падсудных зьняў.
У прыватнасьці, за падбухторваньне да бунту і злоўжываньне дзяржаўнымі сродкамі былы віцэ-прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Урыёл Жункерас быў пакараны 13 гадамі турмы; былыя міністар замежных спраў Каталёніі Раул Румэва, прэсавы сакратар каталёнскага ўраду Жордзі Туруль і міністар працы Дулорс Баса — 12 гадамі; былы сьпікер парлямэнту Кармэ Фуркадэль — 11,5 года; яшчэ чатыры палітыкі атрымалі турэмныя прысуды ад 10,5 да 9 гадоў.
«100 гадоў турэмнага зьняволеньня агулам. Гэта барбарства… Час на рэакцыю, якой яшчэ не было. Дзеля будучыні нашых дзяцей. Дзеля дэмакратыі. Дзеля Эўропы. Дзеля Каталёніі», — напісаў у Твітэры былы прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Карлэс Пудждэмон, які цяпер жыве на выгнаньні ў Бэльгіі.
Дзяржаўны абвінаваўца дамагаўся найбольшага турэмнага тэрміну (25 гадоў) для Урыёла Жункераса.
Усяго на лаве падсудных знаходзіліся 12 каталёнскіх палітыкаў, якія мелі дачыненьне да арганізацыі рэфэрэндуму за незалежнасьць Каталёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за паўмільёна каталёнцаў выйшлі на вуліцы Барсэлёны ў падтрымку незалежнасьціРэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка 2017-га. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90 адсоткаў з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Яўка, паводле зьвестак каталёнскіх уладаў, склала 43 адсоткі ад агульнай колькасьці выбарнікаў.
Мадрыд абвясьціў галасаваньне незаконным, потым распусьціў рэгіянальны ўрад у Каталёніі, увёў наўпроставае кіраваньне ды прыцягнуў да судовай адказнасьці каталёнскіх палітыкаў, ангажаваных у арганізацыю рэфэрэндуму за незалежнасьць.