Сырыйскія дэмакратычныя сілы — курдзкія ўзброеныя фармаваньні, якія кантралююць паўночны ўсход Сырыі — заключылі пагадненьне з урадам Башара Асада аб разьмяшчэньні ўрадавых войскаў у некалькіх гарадах для абароны іх ад наступу Турцыі.
Аб пагадненьні стала вядома ў ноч на панядзелак, 14 кастрычніка. Раней прадстаўнік сырыйскай арміі заявіў, што яна атрымала загад адправіцца на поўнач, каб процідзейнічаць «турэцкай агрэсіі».
Раніцай у панядзелак войскі Асада занялі горад Тэль-Тамэр, які знаходзіцца на меркаваным шляху наступленьня турэцкіх войскаў. Таксама паведамляецца аб пераходзе пад кантроль сырыйскіх войскаў авіябазы Табка, якую раней выкарыстоўвала міжнародная кааліцыя на чале з ЗША, і некалькіх іншых пунктаў на паўночным усходзе Сырыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Турэччына напала на сырыйскіх курдаў і што там адбываецца. 10 важных фактаўУ адпаведнасьці з пагадненьнем, войскі Асада павінны ўвайсьці ў буйныя гарады на шляху турэцкага наступу і тым самым паставіць перад Турцыяй дылему — спыніць яго або ўступіць у баі з рэгулярнай сырыйскай арміяй. Прадстаўнікі сырыйскіх курдаў падкрэсьліваюць, што пагадненьне з Асадам пакуль тычыцца толькі ваеннай падтрымкі. Палітычныя пытаньні будучыні паўночнага-ўсходу Сырыі не абмяркоўваліся.
Па словах прадстаўнікоў курдаў, яны былі вымушаныя зьвярнуцца да афіцыйнага Дамаска абароны пасьля таго, як Злучаныя Штаты вырашылі вывесьці свае войскі з поўначы Сырыі.