«Найважнейшыя выбары за 30 гадоў». Што польскія палітыкі абяцаюць сваім выбарнікам

Ілюстрацыйнае фота

Сёньня палякі абіраюць 460 дэпутатаў і 100 сэнатараў. Гэтыя выбары многія экспэрты ўнутры краіны называюць найважнейшымі ад 1989 году, калі Польшча зрынула камунізм.

Радыкальныя ацэнкі выбараў зьвязаныя з палярызацыяй палітычных настрояў у Польшчы. Кіроўную кансэрватыўную партыю «Права і Справядлівасьць» (ПіС) апанэнты абвінавачваюць у парушэньні Канстытуцыі, спробе падпарадкаваць сабе суды, празьмернай сацыяльнай палітыцы, якая, на іх думку, кепска адбіваецца на бюджэце і вядзе да кансэрвацыі краіны ў рэлігійна-патрыятычным сьветапоглядзе.

Кансэрватары пры ўладзе ды іхныя прыхільнікі на гэта адказваюць, што рэалізуюць праграму, зь якой перамаглі на папярэдніх выбарах. Для пацьвярджэньня сваёй рацыі прыводзяць высокі рэйтынг партыі ў апытаньнях (звыш 40%), вялікі эканамічны рост і рэкордна нізкае за гады незалежнасьці беспрацоўе (5%).

Некалькі фактаў пра сучасную Польшчу

  • Ад 1989 году Польшча бесьперапынна фіксуе эканамічны рост і цяпер зьяўляецца сёмай па велічыні эканомікай у ЭЗ. Гэта найбуйнейшы ў Эўропе вытворца птушынага мяса, яблыкаў, малінаў, бульбы. Польшча — прамысловы гігант, асабліва дзякуючы таннай рабочай сіле. Каля траціны міжнародных перавозак у ЭЗ забясьпечваюць польскія кампаніі.
  • Палякі здабылі моцную пазыцыю ў галіне кампутарных гульняў, дзякуючы такім гітам, як «Wiedźmin», «Dying Light», «This War of Mine», а таксама анансаванаму на наступны год «Cyberpunk 2077».
  • Больш за 90% палякаў — каталікі. Але толькі 38% удзельнічаюць у нядзельнай імшы. Уплыў касьцёлу амаль нязьменны ў вёсках, але ў вялікіх гарадах ён зьмяншаецца. Касьцёл падтрымлівае блізкія сувязі з кансэрватарамі, якія кіруюць дзяржавай.
  • Польскі ўрад выступіў супраць квотаў Эўразьвязу на прыняцьце нелегальных мігрантаў. Афіцыйная Варшава сьцьвярджае, што яна прыняла 1,2 млн украінцаў, якія ў выніку расейска-ўкраінскай вайны масава эмігруюць у Польшчу. Сфэра паслуг абапіраецца пераважна на замежную працоўную сілу. Пасьля далучэньня Польшчы да ЭЗ ў 2004 годзе краіну пакінулі каля 2 млн палякаў. Да 2050 году Польшчы спатрэбіцца 5 мільёнаў рабочых з-за мяжы.

Варшава

Хто ўдзельнічае ў выбарах

У 41 выбарчай акрузе ў Польшчы зарэгістравалася 5 выбарчых камітэтаў. Гэта асноўныя сілы, якія маюць шанец увайсьці ў Сэйм.

  • «Аб’яднаныя правыя» — кааліцыя вакол кіроўнай партыі «Права і Справядлівасьць» — кансэрватары з сацыяльным ухілам у эканоміцы.
  • «Грамадзянская кааліцыя» — альянс лібэральных партыяў «Грамадзянская плятформа» і «Сучасная», а таксама партыі «Зялёныя».
  • «Польская сялянская партыя — Польская кааліцыя» — саюз хрысьціянскіх дэмакратаў і цэнтрыстаў.
  • «Канфэдэрацыя» — кааліцыя лібэртарыянцаў, нацыяналістаў і эўраскептыкаў.
  • «Левыя» — кааліцыя трох праэўрапейскіх партыяў: «Саюз левых дэмакратаў» (партыя з посткамуністычнымі каранямі), «Вясна» і «Лявіца Разам».

Што кажуць сацыёлягі

44,3% апытаных хочуць галасаваць за кіроўную партыю ПіС, 22,7% за «Грамадзянскую кааліцыю»: так вынікае з апытаньня сацыялягічнай лябараторыі IBRiS для ўплывовага парталу onet.pl за некалькі дзён да выбараў. У Сэйм прайшлі б «Левыя» з падтрымкай 13,8% і «Польская сялянская партыя» — 6,2%. Па-за парлямэнтам апынулася б «Канфэдэрацыя» — 3,5%.

Што абяцаюць палітыкі. 10 пунктаў з кожнай праграмы

«Польская сялянская партыя — Польская кааліцыя»

Лідэ "Польскай сялянскай партыі" Ўладыслаў Касіняк-Камыш

  • Скарачэньне працы на гадзіну для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да 10-га году жыцьця
  • Бясплатны праезд для ўсіх дзяцей, незалежна ад даходу бацькоў
  • Удвая большая колькасьць ясьляў (20 гадзінаў у тыдзень бясплатна)
  • Кожная жанчына зможа выйсьці на пэнсію за кожнае народжанае дзіця на год раней.
  • За выхаваньне чатырох дзяцей беспрацоўная маці атрымае права на мінімальную пэнсію
  • Дамы апекі для людзей сталага ўзросту ў кожнай гміне (сельсавеце)
  • Вызваленьне пэнсіяў ад падаходнага падатку і ўзносаў на сацыяльнае страхаваньне
  • Маладыя сем’і атрымаюць за горадам участак для будаўніцтва дому (разам з дазволам і плянам энэргаашчаднага дому) за сымбалічны 1 злоты
  • Ваўчар на харчаваньне на суму 250 злотых ($65) для кожнага паляка на здаровую ежу непасрэдна ў фэрмэра Увядзеньне мінімум 5 гадзінаў урокаў ангельскай мовы ў тыдзень для школьнікаў ад 1 клясы
  • Бясплатны стаматоляг для ўсіх дзяцей да 18 гадоў

«Аб’яднаныя правыя»

Лідэр "Права і Справядлівасьці" Яраслаў Качыньскі

  • 130 даляраў штомесячнай дапамогі для кожнага дзіцяці да 18 гадоў жыцьця (увайшла ў жыцьцё 1 ліпеня 2019 г.)
  • 0% падаходнага падатку для маладых да 26 гадоў (уведзены 1 жніўня 2019 г.)
  • Будаўніцтва АЭС да 2035 году
  • 13-я пэнсія ў памеры 280 даляраў (упершыню была выплачаная ўвесну 2019 г.)
  • Аднаўленьне аўтобусных маршрутаў у рэгіёнах
  • $75 кожнаму школьніку напярэдадні 1 верасьня
  • 19 тысячаў новых пунктаў зь бясплатным WiFi
  • Стварэньне ўстановы, якая павінна сачыць за этычнымі і прафэсійнымі стандартамі журналістаў
  • Мінімальны заробак у $1000 у канцы 2023 году
  • Узровень жыцьця, які вымяраецца ўзроўнем ВУП на душу насельніцтва, павінен да 2023 перагнаць Партугалію, а да 2030 наблізіцца да сярэдняга ўзроўню ў ЭЗ

«Левыя»

Лідэр "Левых": Уладзімеж Чажасты, Робэрт Бедрань і Адрыян Зандбэрг

  • Бясплатныя ясьлі для кожнага
  • Ніхто ня мае права атрымліваць пэнсію, меншую за $400
  • Павелічэньне выдаткаў на ахову здароўя да 7% ВУП.
  • Кожны грамадзянін пасьля 65 гадоў жыцьця зможа выклікаць мэдычную дапамогу спэцыяльнай кнопкай у кватэры
  • Бясплатныя лекі пасьля 70 гадоў, а таксама бясплатныя лекі для ўсіх паводле месячнай квотавай сыстэмы. Бясплатная кантрацэпцыя ад 15 гадоў
  • Забарона ўрокаў рэлігіі ў школе
  • Абавязковая сэксуальная адукацыя ад садка да заканчэньня школы
  • Дэкрыміналізацыя невялікай колькасьці марыхуаны
  • Роўнасьць шлюбаў і сужэнскіх зьвязаў для ўсіх
  • Пастарунак паліцыі ў кожнай гміне
  • Вывядзеньне з Варшавы вялікай часткі цэнтральных установаў

«Канфэдэрацыя»

  • Скасаваньне падаходнага падатку
  • Скасаваньне пэнсійнага падатку
  • Добраахвотнасьць узносаў сацыяльнага страхаваньня
  • Ліквідацыя грашовых выплатаў для дзяцей, уведзеных ПіС, і ўвядзеньне $250 дапамогі для кожнага грамадзяніна, які працуе
  • Выхад з кліматычнай дамовы
  • Абарона дзяцей і моладзі ад «гомапрапаганды»
  • Супраціў маёмасным прэтэнзіям габрэяў, якія страцілі сваю нерухомасьць у выніку ІІ Усясьветнай вайны і пасьля яе
  • Сьмяротнае пакараньне за найцяжэйшыя злачынствы
  • Права бацькоў вырашаць, што іхныя дзеці вывучаюць у школе
  • Скасаваньне мінімальнага заробку

«Грамадзянская кааліцыя»

Лідэры "Грамадзянскай кааліцыі. У цэнтры кандыдатка ў прэм'еры - Малгажата Кідава-Блоньска

  • 0 узносаў на сацыяльнае страхаваньне для прадпрымальнікаў да 25 гадоў жыцьця
  • Прэмія за актыўнасьць у $150 для рабочых, якія зарабляюць найменш
  • Легаілізацыя сужэнскіх зьвязаў (гетэра- і гомасэксуальных)
  • Аднаўленьне свабоды слова ў грамадзкіх мэдыя
  • Бясплатная працэдура in vitro, а таксама бясплатная анастэзія пры родах
  • Роўныя заробкі для мужчын і жанчын з аналягічнай кваліфікацыяй і на тых самых пасадах
  • Галасаваньне праз інтэрнэт
  • Увядзеньне двухмесячнага адпачынку дзеля выхаваньня дзіцяці для бацькі
  • Перадача большых паўнамоцтваў мясцоваму самакіраваньню
  • Увядзеньне бясплатных 365 гігабайтаў у год для грамадзян ад 11 да 24 году жыцьця