90-я forever: «Будзе поўны сувэрэнітэт, але — ніякай Незалежнасьці!» ВІДЭА

«Дзевяностыя forever» — новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.

У новай перадачы «Дзевяностыя forever» Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык абмяркоўваюць прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР 27 ліпеня 1990-га і закону аб мовах у студзені 1990-га.

Сьцісла:

  • БССР з’яўлялася сувэрэннай дзяржавай паводле арт. 68 і 69 Канстытуцыі БССР 1978 г., але БНФ патрабаваў абвяшчэньня поўнай палітычнай незалежнасьці і выхаду з СССР. Гэтая ідэя не была падтрыманая камуністычнай дэпутацкай большасьцю.
  • 12 чэрвеня 1990 Дэклярацыю аб сувэрэнітэце прыняў Вярхоўны Савет РСФСР, старшынём якога быў Барыс Ельцын. На той момант Ельцын палітычна змагаўся з Гарбачовым, і каб зьнівэляваць «эфэкт Ельцына», Гарбачоў прапанаваў іншых рэспублікам прыняць дэклярацыі — але фармальныя, бяз выхаду з СССР, пра які раней заявілі Літва, Латвія і Эстонія.
  • Прыняцьце Дэклярацыі 27 ліпеня 1990 было вынікам таго, што супалі інтарэсы розных групаў і асобаў: Пазьняк бачыў гэта як этап да сапраўднай незалежнасьці з выхадам з СССР, значная частка дэпутатаў — прадстаўнікоў кіруючай партыйнай і гаспадарчай эліты спадзявалася атрымаць большыя правы, нарэшце, Гарбачоў імкнуўся аслабіць кіраўніка Расеі Ельцына.
  • Камуністычныя дэпутаты выкрасьлілі з праекту БНФ усё, што гарантавала сапраўдную незалежнасьць і прынялі Дэклярацыю ў такім выглядзе, што Васіль Быкаў ацаніў яе як фармальнасьць, якая «наўрад ці каго можа ўзрушыць». Аднак Дэклярацыя заклала падмурак для абвяшчэньня 25 жніўня 1991 года незалежнасьці Беларусі.