Краіны Эўрапейскага Зьвязу абмяркуюць магчымае ўвядзеньне санкцый супраць Турэччыны ў сувязі зь яе апэрацыяй на поўначы Сырыі на найбліжэйшым саміце ЭЗ, які пройдзе на наступным тыдні ў Брусэлі.
Пра гэта заявіла францускі міністар па справах ЭЗ Амэлі дэ Моншален.
Большасьць дзяржаў ЭЗ рэзка асудзіла распачатую ў сераду турэцкую апэрацыю супраць сырыйскіх курдаў. Рада Бясьпекі ААН напярэдадні на патрабаваньне шэрагу эўрапейскіх краін за зачыненымі дзьвярыма абмеркавала сытуацыю ў Сырыі. Ніякіх заяў па выніках абмеркаваньня прынята не было. Адназначна асудзіць дзеяньні Турэччыны адмовіліся як Расія, так і Злучаныя Штаты.
Пры гэтым сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Кэлі Крафт ў чацьвер папярэдзіла Турэччыну, што апэрацыя супраць курдаў на паўночным усходзе Сырыі пацягне за сабой наступствы, калі Анкара не абароніць ўразьлівыя катэгорыі насельніцтва і ня здолее стрымаць тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне назвалі колькасьць забітых падчас апэрацыі на поўначы Сырыі
Апэрацыя пачалася пасьля таго, як Злучаныя Штаты аб’явілі аб гатоўнасьці вывесьці свае войскі з раёнаў Сырыі, прылеглых да турэцкай мяжы. У Кангрэсе ЗША як дэмакраты, так і рэспубліканцы асуджаюць гэтае рашэньне адміністрацыі Дональда Трампа і рыхтуюць пакет санкцый супраць Турэччыны.
Члены Кангрэсу падкрэсьліваюць ролю сырыйскіх курдаў у барацьбе супраць «ІГ». Трамп заяўляе, што яго адміністрацыя не падтрымлівае турэцкую апэрацыю. У чацьвер прэзыдэнт ЗША заявіў, што Вашынгтон спадзяецца адыграць ролю пасярэдніка паміж Турэччынай і курдамі.
- У пятніцу апэрацыя Турэччыны і яе саюзьнікаў — атрадаў сырыйскай апазыцыі — працягваецца. За мінулыя двое сутак ўзятыя пад кантроль некалькі дзясяткаў населеных пунктаў. Сярод іх, аднак, няма ніводнага буйнога гораду.
- Абодва бакі паведамляюць аб вялікіх стратах ў праціўніка. Ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Турэччына прызнала гібель чатырох сваіх вайскоўцаў. Паведамляецца, што раён баёў пакідаюць тысячы ўцекачоў.
- Турэччына сьцьвярджае, што мэта апэрацыі — заснаваньне 30-кілямэтровай зоны бясьпекі на поўдзень ад яе мяжы з Сырыяй. Улады Турэччыны лічаць курдзкія ўзброеныя фарміраваньні тэрарыстычнымі.