За верасень 2019 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 0,5%, паведамляе Белстат. З канца 2018 году цэны вырасьлі на 3,4%, за 12 месяцаў — на 5,3%.
Цэны на харчовыя тавары ў сярэднім амаль не зьмяніліся — плюс 0,1% за месяц. Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,9%, паслугі — на 0,6%.
Найбольш падаражэлі памідоры (+35,42%), агуркі (+31,33%) і бананы (+11,02%). Таксама на больш як 10% падаражэў мужчынскі і жаночы зімовы абутак (а жаночыя летнія скураныя пантофлі — на 6%). Паслугі цыркаў падаражэлі на 24,19%, вышэйшай адукацыі — на 10,23%. Гарадзкая тэлефонная сувязь стала даражэй на 11,1%, паштовыя маркі — на 12,34%.
З прадуктаў найбольш патаньнелі цыбуля (–29,14%), капуста (–28,49%), морква (–22,83%), салодкі перац (–19,48%) і бульба (–19,22%). Таксама патаньнелі дзіцячыя садкі (–8,69%) і міжнародны чыгуначны пасажырскі транспарт (–8,18%).
У жніўні ж у Беларусі назіралася невялікая дэфляцыя — цэны зьменшыліся ў сярэднім на 0,2%. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі і прагнозаў Нацбанку, інфляцыя ў 2019 годзе мусіць скласьці ня больш за 5%. Пры цяперашніх тэмпах росту цэнаў задача можа быць выкананая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк зноў пагоршыў прагноз росту эканомікі Беларусі на 2019 год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка насьцярожыўся: рост эканомікі «ня толькі сьціплы, але і вельмі няўстойлівы»