Пад Ашмянамі перакулілася маршрутка. Шпіталізавалі двух пасажыраў

На трасе Менск — Ашмяны — мяжа Літвы 10 кастрычніка маршрутка Mercedes падчас абгону выехала на сустрэчную паласу, сутыкнулася з Renault, зьехала з дарогі і перакулілася. Пра гэта піша Сьледчы камітэт.

Ці ёсьць пацярпелыя? У момант ДТЗ у салёне знаходзіліся 14 пасажыраў, двух чалавек шпіталізавалі. Астатнім аказалі мэдычную дапамогу.

Хто перавозчык? На адным са здымкаў Сьледчага камітэту на машыне ёсьць налепка сайту Маршруточка.бел, на якім можна забраніраваць паездку па маршруце Менск — Ашмяны — Астравец. Гэтыя перавозкі ажыцяўляе кампанія «Еўратранспарт-Сэрвіс», зарэгістраваная ў Дзяржынску. У кампаніі адмовіліся размаўляць са Свабодай, сказаўшы, што яшчэ самі нічога ня ведаюць.

Завялі крымінальную справу за парушэньне правілаў дарожнага руху, якое стала прычынай цяжкага цялеснага пашкоджаньня. За гэта можа пагражаць пазбаўленьне волі да 5 гадоў паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэксу.

Сьледчыя шукаюць пасажыраў і відавочцаў здарэньня. Іх просяць патэлефанаваць у гарадзенскі Сьледчы камітэт — +375 152 72-40-40.