Ужо сёньня: 25 гадоў таму футбольная зборная Беларусі атрымала першую перамогу

Зборная Беларусі па футболе, кастрычнік 2017

Падзеі 12 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 кастрычніка 1994 году ў сустрэчы супраць зборнай Люксэмбургу Нацыянальная зборная Беларусі па футболе атрымала першую перамогу.

Таксама ў гэты дзень

1492 — адкрыцьцё Хрыстафорам Калюмбам выспы Сан-Сальвадор, якое лічыцца афіцыйнаю датаю «адкрыцьця Амэрыкі».

1920 — падпісаньне Рыскай дамовы, папярэдняга дакумэнту, створанага з мэтаю заканчэньня савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Канчаткова дамова была замацаваная ў выглядзе Рыскай мірнай дамовы 18 сакавіка 1921 году.

1925 — у Бэрліне пачалася Другая ўсебеларуская канфэрэнцыя. Беларускія палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў спыніць барацьбу з бальшавікамі. На канфэрэнцыі паўнамоцтвы ўраду БНР былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі.

1952 — у Нью-Ёрку беларускімі эмігрантамі была пастаўленая камэдыя «Паўлінка» Янкі Купалы.

1964 — з касмадрому Байканур запушчаны трохмесны касьмічны карабель «Усход-1». Упершыню ажыцьцявіўся палёт шматмеснага карабля; быў гэта таксама першы палёт касманаўтаў без скафандраў.

1971 — адбыўся першы паказ рок-опэры «Ісус Хрыстос супэрзорка» на словы Ціма Райса і музыку Эндру Лойда Ўэбэра ў Нью-Ёрку. З тых часоў гэтая неклясычная опэра даўно стала клясычнай і сьпяваюць яе ва ўсіх краінах сьвету і на розных мовах.

У гэты дзень нарадзіліся

1884 — Міхал Буклярэвіч, рымска-каталіцкі сьвятар, беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч.

1865 ― Міхал Анцаў, кампазытар, харавы дырыжор і пэдагог. Жыў у Віцебску, дзе быў арганізатарам народнай кансэрваторыі, а пасьля, у савецкія часы, кіраваў дзяржаўным хорам. Напісаў кніжку для самавукаў — як навучыцца нотнае граматы.

1935 ― Лючана Павароцьці, італьянскі сьпявак.

У памяці

1924 ― Анатоль Франс, францускі раманіст і літаратурны крытык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1955 ― расстраляны Лаўрэнці Цанава, супрацоўнік савецкіх карных ворганаў, наркам унутраных справаў БССР.