Па-беларуску прасьпявалі песьню Alyona Alyona, новай украінскай рэп-зоркі

Alyona Alyona

Беларуская сьпявачка Lima Osta запісала кавэр на песьню «Галовы» Alyona Alyona — украінскай рэп-сэнсацыі, якая 31 кастрычніка прыедзе ў Беларусь зь першым канцэртам.

Да 2018 году Alyona Alyona (Алёна Саўраненка) працавала загадчыцай дзіцячага садка на Кіеўшчыне. Але ўжо пасьля першага выкладзенага на youtube кліпу ў кастрычніку 2018-га яна стала вельмі папулярнай сьпявачкай. Спачатку ва Ўкраіне, дзе яна трапіла ў многія рэйтынгі найлепшых выканаўцаў году. А потым — за мяжой. 22 верасьня 2019 году Alyona Alyona атрымала міжнародную прэмію Anchor у Нямеччыне, якую прысуджаюць самым пэрспэктыўным новым выканаўцам. Цяпер у кожнага ейнага новага кліпа мільённыя прагляды. New York Times уключыў яе сёлета ў топ-15 найбольш цікавых новых эўрапейскіх выканаўцаў.​

Alyona Alyona, бодіпозитив і «Рибки». Інтерв’ю нової зірки українського репу

Усе песьні Alyona Alyona запісвае па-ўкраінску. У тэкстах яна падымае сучасныя праблемы грамадзтва — цкаваньне ў школе, непрыняцьце дзяўчат зь лішняй вагой.

«Хтосьці праходзіў міма і казаў: „бомба“, „булачка“, „калобок“, — казала ў інтэрвію ўкраінскай Свабодзе Алёна Саўраненка пра тое, што натхніла яе на напісаньне першага гіту „Рыбкі за шклом“. — Гэта тычылася мяне і маёй зьнешнасьці».

Напярэдадні першага канцэрту Алёны ў Беларусі, які пройдзе 31 кастрычніка, беларуская выканаўца Lima Osta запісала беларускамоўны кавэр на адзін з гітоў Alyona Alyona — песьню «Галовы».

18-гадовая Lima Osta (Соф’я Астапюк) навучаецца ў Менскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Яна ўдзельнічала ва ўкраінскім шоў «Х-Фактар» (7-ы сэзон). Цяпер выконвае свае песьні і запісвае кавэры, якія выкладае на старонках у «Інстаграме» і «Ютубе».

«На беларускай мове зараз песьні ў асноўным аўтэнтычныя, — сказала Соф’я Астапюк Свабодзе. — Але я амаль нікога ня ведаю, хто б чытаў рэп па-беларуску. Думаю, трэба гэта неяк раскручваць».