Жыхары двух сельсаветаў на Смаргоншчыне — Залескага і Сінькоўскага — пачалі збор подпісаў да раённых і абласных уладаў супраць дэградацыі статусу «аграгарадок».
У лісьце да кіраўніцтва Смаргонскага райвыканкаму і ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму падпісанты зьвяртаюць увагу на «няўхільнае пагаршэньне сацыяльнага абслугоўваньня» ў Залесьсі, што супярэчыць Дзяржаўнай праграме адраджэньня і разьвіцьця сяла.
Штатнага лябаранта забяруць у горад, адтуль прышлюць іншага
Раней у гістарычным мястэчку, вядомым на ўвесь сьвет гаспадаром родавай сядзібы, кампазытарам і дыпляматам Міхалам Клеафасам Агінскім, ужо закрылі дзіцячы садок, дом быту, лазьню, шпіталь, аптэку і цэлы прафілякторый пры сылікатным заводзе.
Цяпер стала вядома, што ўжо ўхвалена скарачэньне пасады лябаранта ў амбуляторыі. Гэта прывядзе да таго, што жыхары Залескага і Сінькоўскага сельсаветаў (значная частка жыхароў апошняга прымацаваная да яго паводле тэрытарыяльный прыкметы) будуць вымушаныя ехаць для здачы аналізаў у райцэнтар, а потым вяртацца да лекара ў Залесьсе.
«Усё гэта выглядае ня так проста, як здаецца ініцыятарам, — адзначаюць падпісанты. — Сярод жыхароў Залесься (аднаго з найбуйнешых аграгарадкоў раёну), як і ў ваколіцах Сінькоў, шмат старых людзей і інвалідаў. Для іх доступ да мэдыцынскіх паслуг істотна пагоршыцца. Зрэшты, ня менш клопатаў займеюць і астатнія катэгорыі насельніцтва. Агулам гэта тычыцца блізу двух тысяч чалавек».
Адной зь першых пад зваротам падпісалася Дарʼя Ліс — журналістка, паэтка, стыпэндыятка прэміі імя Магдалены Радзівіл. Сьпінальная аміятрафія зь дзяцінства прыкавала яе да вазка, кожны выезд на абсьледаваньне ці апэрацыю — гэта сапраўднае выпрабаваньне. Тым ня менш на сваім электравазку яна самастойна дабіралася да залескай амбуляторыі. Балазе, гэта адзін з прыкладаў сапраўды безбарʼернага асяродку. Таму эканомію на лябаранцкай стаўцы называе сумнеўнай.
«Скасоўваецца лябараторыя, а наўзамен двойчы на тыдзень будзе прыяжджаць лябарант са Смаргоняў. Пры гэтым маладую дзяўчыну-лябарантку з дваімі малымі дзецьмі ад нас пераводзяць у горад! Дзе лёгіка? Трацяцца сродкі: прывезьці-адвезьці, нятанныя прабіркі. І што, калі чалавеку стане кепска не ў сераду ці пятніцу, а ў панядзелак? Куды бегчы? Думаецца, выдаткі будуць яшчэ большыя. І калі скарачаецца стаўка лябаранта, безумоўна, узьнікне пытаньне і наконт іншых спэцыялістаў. Прынамсі гэтага чакаюць, толькі баяцца гаварыць уголас».
Замест паўнавартаснай лякарні застаўся працэдурны кабінэцік
Залесьсе мае даўнія традыцыі ў галіне аховы здароўя. Яшчэ ў Першую сусьветную вайну ў палацы Агінскіх працаваў шпіталь для параненых і атручаных газам салдатаў і афіцэраў расейскай арміі. За саветамі тут была збудаваная паўнавартасная ўчастковая лякарня на тры дзясяткі ложкаў, у ёй працавалі кваліфікаваныя мэдыкі, некаторыя атрымалі спэцыяльную адукацыю яшчэ «пры цары». За часамі незалежнасьці ўтрымліваць на балянсе затратную гаспадарку аказалася занадта дорага: стацыянарны шпіталь ліквідавалі, асноўны будынак разбурылі. Але засталася амбуляторыя, якая пэўны час суіснавала паралельна зь лякарняй.
«Застаўся ў амбуляторыі маленькі кабінэцік, у якім стаіць канапка, — далучаецца да размовы спадарыня Алена, пэнсіянэрка пакутуе на дыябэт. — Там можна прылегчы падчас працэдуры — пакуль дзейнічае ўкол ці ставяць кропельніцу. Гадзінку-другую пабыў — і дадому, на ноч ніхто не пакідае. Гэта ж ужо не шпіталь, хутчэй як паліклініка. Шчыра кажучы, вельмі крыўдна. Мне 64 гады, і колькі сябе памятаю, бацькі расказвалі, што лякарня тут была заўсёды. А цяпер узялі і ўсё «ўпарадкавалі».
У шырокі ўжытак паняцьце «аграгарадок» запусьціў Аляксандар Лукашэнка. Асноўная мэта — наблізіць у побытавых умовах вёску да гарадзкіх выгодаў. Была нават спроба экспарту такіх паселішчаў у Вэнэсуэлу.
Згодна з афіцыйным азначэньнем, пад гэтым маюцца на ўвазе «добраўпарадкаваныя населеныя пункты, у якіх створана вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забесьпячэньня сацыяльных стандартаў насельніцтва». Звыклыя вёскі на іх фоне цяпер абазначаюцца як «населеныя пункты, у якіх створана адпаведная вытворчая і сацыяльная інфраструктура, не аднесеныя да аграгарадкоў».
Жыхары шматлікіх вёсак Залескага і Сінькоўскага сельсаветаў спадзяваліся, што менавіта так і будзе. Аднак на практыцы рух аказаўся ў зусім іншы бок, наракае жыхарка Залесься спадарыня Тамара.
«Абсалютна не разумею, на чым яны зьбіраюцца эканоміць, — кажа суразмоўца. — Калі на кожны выклік хворага будуць ганяць са Смаргоняў „хуткую“, дык гэта зусім іншыя грошы. Так што ўсё гэта з катэгорыі „абяцанкі-цацанкі“. Наш лябарант на машыне сам езьдзіў па хатах старых людзей, бо яны не маглі дабрацца нават да мясцовай амбуляторыі. А цяпер што? Сацыяльныя стандарты ўжо зьніжаюцца, прабачце, да ўзроўню плінтуса, ужо ня ведаюць, на чым зэканоміць».
Які гэта аграгарадок, калі нічога новага не адкрываецца, а старое ліквідуецца? — задаюцца рытарычным пытаньнем залесцы. Трохпавярховы ведамасны прафілякторый побач з музэем-сядзібай ператвараецца ў руіну. Капітальны будынак дзіцячага садка ў цэнтры пасёлка разбураецца. Аптэка і сталоўка закрытыя, кацельня закінутая. У стары шпітальны корпус засялілі людзей. Нядаўні кінулі кліч ахвотным зьбіраць грошы на аўтобус, каб паехаць за 10 кілямэтраў у грамадзкую лазьню.
«Дажынкі» як спосаб перамалаціць бюджэтныя грошы
Спроба «аптымізаваць» амбуляторыю, ды яшчэ напярэдадні выбараў дэпутатаў, стала апошняй кропляй, прызнаецца яшчэ адзін зацікаўлены вясковец, прадпрымальнік Алег.
«Няма адукаваных мэнэджараў у галіне мэдыцыны што на раённым, што на абласным узроўні, — перакананы ён. — Эканомікі ніякай, толькі імітацыя „кіпучай дзейнасьці“. Я вось не разумею, ці гэта па ўсёй краіне такая кампанія, ці толькі на нас выпрабоўваюць нейкі пілётны праект дурной эканоміі? У гэтым выпадку ашчаджэньні хіба ў двукосьсі, бо трацяцца і тыя, хто вымушаны езьдзіць па дапамогу ў райцэнтар, і тыя, каго будуць прысылаць на замену ліквідаванаму лябаранту».
У той час, як урад Беларусі ставіць задачу забясьпечыць устойлівае разьвіцьцё краіны, у нашым выпадку відавочны крок назад, падкрэсьліваюць падпісанты калектыўнага звароту ў раённыя і абласныя інстанцыі.
А таму на падставе выкладзеных у лісьце аргумэнтаў просяць не дапусьціць прыняцьця рашэньня Смаргонскай цэнтральнай раённай лякарні аб скарачэньні пасады лябаранта залескай амбуляторыі.
У той жа час яны не выключаюць, што да рэжыму жорсткай эканоміі спрычыніліся абласныя «Дажынкі», якія сёлета ў лістападзе пройдуць у Смаргонях. Звычайна гэтая кампанія дзяржаўнай важнасьці зьядае немалыя грошы, якіх у бюджэце і без таго бракуе. Да таго ж, пастаяннай фінансавай «падпіткі» патрабуе музэй-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага.
«Калі наш зварот у гэтых інстанцыях праігнаруюць, будзем пісаць у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Але спадзяёмся, што напярэдадні парлямэнцкіх выбараў вясковых жыхароў урэшце пачуюць і зразумеюць. Дый які ўжо гэта аграгарадок, калі абяцалі адно, а паступова, наадварот, усё закрываецца? Шпіталь, аптэка, цяпер вось амбуляторыя. Быццам трэба дапамагаць вяскоўцам, як казаў прэзыдэнт, а насамрэч ідзе масавае скарачэньне і эканомія», — падсумоўвае жыхарка Залесься Дарʼя Ліс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры кім паміраць будзеш?» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пікет — на трактары. Фэрмэр-блогер ідзе ў дэпутаты.