За адзін дзень у Ваяводзкім упраўленьні ў Беластоку было зафіксавана 30 тысяч спробаў рэгістрацыі праз інтэрнэт на атрыманьне «карты паляка». Усе спробы — зь Беларусі.
Падобную інфармацыю апублікаваў у фэйсбуку журналіст і дзяяч польскай меншасьці ў Беларусі Анджэй Пачобут. Што праўда, Пачобут кажа пра 30 тысяч чалавек, якія спрабавалі зарэгістравацца, у той час як Ваяводзкае ўпраўленьне ў Беластоку пацьвярджае толькі 30 тысяч спробаў, што ня тое самае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра «карту паляка»? Яе маюць 137 тысяч грамадзянаў БеларусіПрэс-служба Падляскага ваяводы таксама патлумачыла, што зарэгістравацца на выдачу «карты паляка» ў Ваяводзкім упраўленьні ў Беластоку магчыма толькі 430 асобам за месяц.
«Са зьвестак, атрыманых ад групы інфарматыкаў, вынікае, што ў дзень адкрыцьця інтэрнэт-рэгістрацыі 1 кастрычніка 2019 году (гэта заўсёды першы працоўны дзень месяца), было адзначана каля 30 тысяч спробаў уваходу ў сыстэму запісу на чаргу», — патлумачыла Сыльвія Стага.
Свабодзе таксама расказалі, што ваявода ў Беластоку зьяўляецца адзіным з 16 ваяводаў у Польшчы, які пастановай ўраду з 2017 году надзелены правам выдачы і абнаўленьня «карты паляка». Карыстацца гэтай кампэтэнцыяй падляскага ваяводы могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь і тыя, хто ў Беларусі мае статус асобы без грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Годзе называць беларускіх палякаў «спалянізаванымі беларусамі», — Тадэвуш ГавінРэгістрацыя на выдачу «карты паляка» ў Ваяводзкім упраўленьні ў Беластоку не залежыць ад консульстваў Польшчы за мяжой (кожнае консульства мае сваю рэгістрацыйную сыстэму выдачы «карты паляка»).