За няпоўную гадзіну на пляцоўцы перад магілёўскім гарвыканкамам Аляксей Паўлоўскі сабраў больш за 10 подпісаў.
Аляксей Паўлоўскі лічыць, што пляцоўка перад гарвыканкамам павінна стаць плошчай Аляксандра Лукашэнкі, а на фасадзе дыягнастычнага цэнтру, што на гэтым жа пляцы, варта паставіць бюст кіраўніка дзяржавы, зрабіўшы пад яго адмысловую нішу.
«Увесь гэты час ён дурыць галовы людзям, абяцаючы ім заробак у 500 даляраў, змагаючыся з карупцыяй і дармаедамі, уздымаючы сельскую гаспадарку, — тлумачыць Паўлоўскі сваю ідэю. — Мюнхгаўзэну ж паставілі помнік, а чым Лукашэнка горшы? Ён жа таксама праўдападобна апісвае тое, як хутка ўсім будзе добра. І многія вераць».
У падтрымку сатырычнай ініцыятывы падпісвалася і моладзь. Маладзёны казалі, што ў кожнага народу ёсьць свае героі і антыгероі, пра якіх варта памятаць.
«Для мяне гэтая ініцыятыва — прыкол. Ня веру, што Лукашэнку паставяць бюст ці назавуць ягоным імем плошчу. Але адзін закон аб новым парадку прызыву ў войска варты таго, каб пасьцябацца зь яго», — адзначыў адзін хлопец.
Ідэя зьявілася ў Паўлоўскага пасьля ініцыятывы старшыні абласной арганізацыі вэтэранаў Анатоля Глаза назваць тую ж плошчу імем кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Прапанову тапанімічная камісія пры гарвыканкаме не падтрымала, матывуючы гэта «неадпаведнасьцю маштабаў аб’екта і асобы».
Сваю прапанову Паўлоўскі называе «альтэрнатыўнай» і спадзяецца, што яе вынесуць на агульнагарадзкі рэфэрэндум. Ён хоча сабраць 100 подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На жаль, я пакуль яшчэ ня Бог». 65 цытат ад Лукашэнкі ў ягоны юбілей