Прэс-служба прэзыдэнта Аўстрыі пацьвердзіла Радыё Свабода, што 12 лістапада кіраўніка Беларусі чакаюць зь візытам у Вене.
У панядзелак пра «нармальны паўнавартасны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Эўразьвяз» заявіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Пра гэта ён распавёў падчас адкрыцьця форуму «Менскі дыялёг».
– Прыйдзе час і зьезьдзіць. Празь некаторы час вы даведаецеся пра гэта. – сказаў Макей.
У той жа дзень увечары інфармацыя пра магчымы візыт Лукашэнкі ў Эўразьвяз зьявілася ў некаторых тэлеграм-каналах. Паведамлялася, што кіраўнік Беларусі ў лістападзе наведае Аўстрыю.
У аўторак Свабодзе пацьвердзіла гэтую інфармацыю прэс-служба аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра ван дэр Бэлена. Прэсавы сакратар прэзыдэнта Райнгарт Пікль-Герк распавёў, што Аляксандар Лукашэнка мае сустрэцца з прэзыдэнтам Аўстрыі, аднак дэталі візыту паабяцаў агучыць пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыйскі шанец для афіцыйнага МенскуУ ліпені, на Дзень незалежнасьці, у віншаваньні Лукашэнку аўстрыйскі прэзыдэнт запрасіў яго наведаць у лістападзе Аўстрыю.
Лукашэнка даволі рэдка езьдзіць у краіны Эўразьвязу — доўгі час гэта было зьвязана з санкцыямі супраць яго і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Першым пасьля скасаваньня санкцыяў — і апошнім на сёньня — візытам Лукашэнкі ў Эўразьвяз была паездка ў Рым і Ватыкан у траўні 2016 году.
Пасьля яго ня раз запрашалі ў краіны Эўразьвязу, але ён адмаўляўся — напрыклад, прамяняў Брусэль на Буда-Кашалёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ