90-я forever: ці насаджвалі беларускую мову сілаю. ВІДЭА

Прысяга на вернасьць Беларусь, плошча Незалежнасьці, 1992

«Дзевяностыя forever» — новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.

У першай перадачы «Дзевяностыя forever» Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык абмяркоўваюць прыняцьце Закона аб мовах у студзені 1990-га.

Сьцісла:

  • Яшчэ з 1950-х прадстаўнікі інтэлігенцыі адкрыта зьвярталі ўвагу на становішча беларускай мовы. У сярэдзіне 80-х некалькі дзясяткаў чалавек зьвярнуліся з адпаведным лістом да генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова, пра што ён пазьней прыгадаў у інтэрвію Свабодзе.
  • Закон аб мовах быў прыняты Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня, абраным яшчэ ў 1985 годзе. Дасьледчыца найноўшай гісторыі Алена Маркава была ўражаная вялізнай колькасьцю лістоў у падтрымку дзяржаўнасьці беларускай мовы ад звычайных людзей, якія яна ўбачыла ў архіве.
  • Была створаная адмысловая грамадзкая камісія, у які БНФ удалася правесьці сваіх прадстаўнікоў, напрыклад, Пятра Садоўскага.
  • За прыняцьце закона на сэсіі Вярхоўнага Савета БССР выступілі ня толькі Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, але і народны артыст БССР Расьціслаў Янкоўскі, які сказаў, што як прадстаўнік рускамоўнай інтэлігенцыі — галасуе за закон.
  • Галасаваў за Закон і Васіль Быкаў. Але пазьней выказаў скептычнае стаўленьне да яго, паколькі некаторыя палажэньні закона павінны былі ўступіць у сілу толькі праз дзесяць гадоў. «Калі праз 10 гадоў, значыць — ніколі», — сказаў Быкаў.
  • Пра дзяржаўнасьць беларускай мовы і пасьля прыняцьця Закона можна было казаць умоўна: нават у часы Адраджэньня 1990-1993 гадоў справаводзтва ў дзяржаўных установах вялося пераважна па-расейску, па-расейску пераважна працавалі выканаўчая ўлада і судовая сыстэма, а войска спрэс было расейскамоўным.
  • Аднак нават тыя сьціплыя крокі ў абарону правоў беларускай мовы, якія былі зробленыя ў пачатку 90-х, выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў пэўных колах. Значная частка грамадзтва ў 1994 годзе галасавала за Лукашэнку як за асобу, якая спыніць беларусізацыю. І яна была спыненая т. зв. рэфэрэндумам 1995 г.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90-я forever. Чаму старшыня КДБ скардзіўся дэпутату БНФ