У Савецкім судзе Менску пачаўся разгляд пазову старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўласьніцы дамену «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды.
Сёньня ж аналягічны пазоў да выданьня «Вечерний Бобруйск» разглядаецца ў судзе ў Бабруйску.
Інтарэсы Хоміча ў судзе ў Менску прадстаўляе адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.
Ад «Беларускага партызана» ў працэсе ўдзельнічае журналістка Сьвятлана Калінкіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Слоніма хоча адсудзіць 100 тысяч даляраў за пост з тэлеграм-канала Nexta
Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч судзіцца са стваральнікам тэлеграм-канала Nexta Сьцяпанам Пуцілам, а таксама з трыма выданьнямі («Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск»), якія апублікавалі інфармацыю з паста Nexta.
10 жніўня тэлеграм-канал Nexta паведаміў пра затрыманьне Хоміча. Паводле яго, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы. Хоміч стаў аспрэчваць, што яго і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ засьпелі ў нецьвярозым стане. Ва ўпраўленьні ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Як гаворыцца ў пазове, пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі каля 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскі чыноўнік паскардзіўся ў пракуратуру на чуткі, што яго затрымалі п’яным за стырномГенадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак. Ён ацаніў нанесеную яму маральную шкоду ў 50 тысяч рублёў. Грошы ён зьбіраецца пералічыць Слонімскай ЦРБ на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня.
Таксама ён патрабуе спагнаць з пазваных па 373 рублі за судовыя выдаткі і аплату адваката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даўно такіх лічбаў не было ў пазовах». БАЖ аб прэтэнзіях кіраўніка Слонімскага райвыканкаму