Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб падвышэньні ад 1 кастрычніка заробкаў шэрагу дзяржаўных службоўцаў Расеі, у тым ліку самому сабе, паведамляе «Настоящее время».
Афіцыйныя заробкі павысіліся на 4,3% для:
- кіраўніка расейскай дзяржавы;
- прэм’ер-міністра;
- міністра абароны;
- міністра ўнутраных справаў;
- міністра надзвычайных справаў;
- кіраўніка Фэдэральнай службы бясьпекі;
- кіраўніка Расгвардыі;
- кіраўніка Службы замежнай выведкі;
- сакратара Рады бясьпекі;
- старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі;
- старшыні Сьледчага камітэту;
- генэральнага пракурора.
Як заявіў прэс-сакратар Пуціна, перадае ТАСС, гэта было плянавым падвышэньнем заробкаў.
Бывала і адваротнае: у 2015 годзе Пуцін празь фінансавы крызіс загадваў скараціць заробкі ў Крамлі на 10% і зьмяншаць заробкі службовым асобам цягам чатырох гадоў. Ад 2019 году заробкі чыноўнікаў вярнуліся да «дакрызіснага» ўзроўню.
У дэклярацыі 2019 году сьцьвярджаецца, што Пуцін меў гадавы даход у 8,65 млн расейскіх рублёў (каля 138 тысяч даляраў) з заробкаў, вайсковай пэнсіі і ўкладаў у банках. Сапраўднае багацьце Пуціна ацэньвалі ў сумы ад 40 млрд да 200 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: рэдактараў РБК звольнілі з-за артыкулаў пра вустрычную фэрму каля «Палаца Пуціна»