Амэрыканскі трэнэр выклікаў скандал з Кітаем, падтрымаўшы пратэстоўцаў у Ганконгу

«Houston Rockets» гуляюць з «Milwaukee Bucks», 2017 год

Як паведамляе агенцтва «Reuters», Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя (NBA) у панядзелак сутыкнулася з хваляй крытыкі — прычынаю стаў твіт галоўнага мэнэджэра баскетбольнай каманды «Houston Rockets» Дэрыла Морэя, у якім той выказаўся ў падтрымку дэманстрантаў у Ганконгу.

Празь некаторы час твіт быў выдалены самім мэнэджарам, але гэта ўсё роўна раззлавала шматлікіх аматараў баскетболу ў Кітаі.

NBA ужо заявіла пра сваё разуменьне, што погляды, выказаныя мэнэджарам, былі ўспрыняты ў Кітаі як абразьлівыя, і таму яны «шкадуюць, што так атрымалася».

У вэрсіі заявы на кітайскай мове, якую апублікавалі ў Кітаі, гаворыцца, што NBA была «вельмі расчараваная недарэчнымі заўвагамі Морэя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу паліцыя ўжыла агнястрэльную зброю супраць пратэстоўцаў

Рэакцыі на гэтую падзею былі самыя розныя. Прынамсі два сэнатары ЗША (ад штату Тэхас, дзе знаходзіцца сама баскетбольная каманда, і ад штату Флорыда) падтрымалі пазыцыю Морэя наконт пратэстаў і асудзілі NBA за рашэньне прасіць прабачэньня ў Кітая.

У Кітаі абурэньне выклікаў сам твіт — сярод тых, хто выказаўся на гэту тэму, фігураваў сузаснавальнік кампаніі-гіганта інтэрнэт-камэрцыі Alibaba Джозэф Тай і рэдактар дзяржаўнай газэты Global Times Ху Сіцьзінь.