Тры дзяўчыны і два хлопцы ў грыме Джокера выйшлі да гатэлю Mariott з плякатам «Мы такія шчасьлівыя жыць у дыктатуры». У гэты час у гатэлі праходзіў міжнародны форум «Менскі дыялёг». Сёньня на ім выступіў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей. Анансаваны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі.


Адзін з удзельнікаў акцыі, анархіст Вячаслаў Касінераў, патлумачыў, чаму пратэстоўцы ў грыме: «Клоўны ня мы, а тыя, хто трывае дыктатуру, супрацоўнічае зь ёй», сказаў ён, маючы на ўвазе ўдзельнікаў форуму.
Калі актывісты запалілі каляровыя фаеры, да іх адразу падышлі міліцыянты.
Каля 15-й гадзіны ўдзельнікі акцыі разышліся. Абышлося без затрыманьняў.
Джокер — герой папулярных коміксаў, шэрагу фільмаў і мультфільмаў пра Бэтмэна, а таксама нядаўняга мастацкага фільму «Джокер». У фільме псыхічна хворы Джокер робіцца кумірам разбуральных масавых пратэстаў.
«Менскі дыялёг» — канфэрэнцыя замежных і беларускіх экспэртаў, якая ўжо другі год праводзіцца ў Менску з удзелам прадстаўнікоў беларускай улады. Сёлетняя тэма канфэрэнцыі — «Эўрапейская бясьпека: адысьці ад краю прорвы».