Напярэдадні дня нараджэньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адпачываў у Сібіры. На відэа, апублікаваным «РИА Новости», ён ходзіць па гарах і зьбірае грыбы. Яго суправаджае міністр абароны Сяргей Шайгу.
Месца адпачынку Пуціна не паказваецца, на кадрах прэзыдэнт РФ згадвае Енісей. На відэароліку відаць, як Пуцін трымае ў руках грыб і зьвяртае ўвагу на шышку, якая апынулася на шапачцы грыба. Шышку Пуцін узяў у якасьці сувэніра, адзначае агенцтва. Гуляючы па тайзе, Шайгу выкапаў кусьцік брусьніц. Пуцін прапанаваў міністру пасадзіць яго на дачы.
Агенцтва са спасылкай на прэс-сакратара прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова паведаміла, што Пуцін пабываў у тайзе напярэдадні дня нараджэньня, які правядзе на прыродзе, у коле родных і блізкіх. 7 кастрычніка Уладзіміру Пуціну спаўняецца 67 гадоў.