Падзеі 7 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
7 кастрычніка 1939 году пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі мясцовыя жыхары маёнтку Парэчча на Піншчыне забілі на загад савецкага камісара Холадава Рамана Скірмунта, беларускага і польскага грамадзка-палітычнага дзеяча.
Таксама ў гэты дзень
1897 — у Вільні стварылі «Бунд» — агульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расеі. «Бунд» быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгода пасьля яго стварэньня ў Менску пры садзеяньні «Бунду» пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой «Бунд» увойдзе аўтаномнай часткай.
1977 — ухвалілі апошнюю Канстытуцыю СССР.
2001 — пачаліся амэрыканскія паветраныя ўдары па базах Усамы бін Лядэна ў Аўганістане.
2002 — камітэт па адукацыі, навуцы і культуры Сойму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.
У гэты дзень нарадзіліся
1765 — Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыплямат, кампазытар.
1788 — Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексыкограф, фальклярыст, этнограф, аўтар «Слоўніка беларускай мовы», апублікаванага ў 1870 годзе. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.
1885 — Нільс Бор, дацкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
1931 — Дэсманд Туту, біскуп з Паўднёваафрыканскай рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
1932 — Іван Пташнікаў, беларускі пісьменьнік. Сярод найбольш вядомых твораў — апавяданьні «Львы», «Арчыбал», «Пагоня», аповесьці «Лонва», «Тартак», «Найдорф», раманы «Мсьціжы» і «Алімпіяда».
У памяці
1849 — Эдгар Алан По, амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, адна з вядучых постацяў амэрыканскага Рамантызму. Яго называюць пачынальнікам дэтэктыўнага жанру.
2006 — за прафэсійную дзейнасьць забілі расейскую журналістку Ганну Паліткоўскую.