3500 жанчын пусьцяць на футбольны матч у Іране

25 чэрвеня 2018 года, гульня паміж зборнымі Ірана і Партугаліі. Гэта рэдкі матч, на які былі дапушчаныя іранскія жанчыны

Улады Ірана заявілі, што прынамсі 3500 прыхільніц футболу будуць дапушчаныя на стадыён падчас гульні нацыянальнай зборнай супраць каманды Камбоджы. Рашэньне пусьціць жанчын на стадыён адбылося пад ціскам ФІФА і зьвязанае са сьмерцю заўзяракі Сагар Хадаяры ў верасьні 2019 года.

Матч пройдзе 10 кастрычніка на стадыёне «Азадзі». Ён умяшчае 100 тысяч чалавек.

Па інфармацыі дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі IRNA, першапачаткова для жанчын выдзелілі адну сэкцыю трыбун. Пасьля таго, як квіткі разышліся менш чым за гадзіну, чыноўнікі павялічылі колькасьць месцаў для жанчын на матчы.

Квіткі на тры дадатковыя сэкцыі таксама былі імгненна раскупленыя.

ФІФА заявіла, што разглядае магчымасьць накіраваць назіральнікаў у Тэгеран, каб пераканацца, што футбольныя заўзятаркі сапраўды могуць трапіць на стадыён.

Іран трапіў пад міжнародны ціск і мусіў дазволіць жанчынам наведваць футбольныя матчы пасьля сьмерці фанаткі Сагар Хадаяры. Яе не пусьцілі на стадыён і арыштавалі. За спробу трапіць на стадыён ёй пагражала да 6 месяцаў зьняволеньня. Сагар скончыла жыцьцё самагубствам.

Кансэрватыўная шыіцкая мусульманская нацыя забараняла жанчынам наведваць стадыёны пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Рэлігійныя лідэры тады заявілі, што жанчыны мусяць быць абароненыя ад «назіраньня напаўголых людзей».