У Багдадзе за апошнія тры дні пратэстаў былі забітыя да 65. Удзельнікі агульнанацыянальных дэманстрацый патрабуюць спыненьня карупцыі ва ўрадзе. Як паведамляе агенцтва Reuters, па дэманстрантах страляюць паліцэйскія снайпэры.
Прэм’ер-міністар Адэль Абдул Махдзі ў пятніцу заклікаў грамадзян быць спакойнымі і паабяцаў правесьці рэформы. Адзін з самых уплывовых сьвятароў Іраку абвінаваціў у гвалтоўных дзеяньнях палітыкаў. Той заявіў, што ўлады не змаглі палепшыць жыцьцё іракцаў, і заклікаў улады прыслухацца да патрабаваньняў пратэстоўцаў.
Дэманстранты ў сваю чаргу патрабуюць нармальнага харчаваньня, чыстай вады, захаваньня санітарных нормаў і перамогі над карупцыяй ва ўрадзе.
Яшчэ адзін уплывовы рэлігійны дзеяч адклікаў з парлямэнту фракцыю сваіх прыхільнікаў. Паводле агенцтва Reuters, гэта можа толькі пагоршыць сытуацыю.
Паліцыя Багдаду страляе па людзях. Карэспандэнт Reuters паведамляе, што бачыў аднаго з дэманстрантаў, параненага ў галаву. Мэдыкі ў лякарні пацьвердзілі ягоную сьмерць. Спарадычная страляніна працягвалася ў Багдадзе і позна ўвечары ў пятніцу.
Паведамляецца пра факты кровапраліцьця ў розных гарадах краіны. Цяперашняе супрацьстаяньне журналісты называюць найгоршым з часоў задушэньня тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» два гады таму.
Закалоты і акты гвалту разгарэліся на поўдні Іраку, у раёнах, дзе пераважае шыіцкае насельніцтва. Пратэставы рух хутка перакінуўся на іншыя правінцыі.