Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зноў скрытыкаваў амэрыканскія СМІ і прапанаваў стварыць уласную сетку навін Белага дому. Пра гэта ён заявіў падчас размовы з журналістамі 3 кастрычніка ў Флорыдзе.
«CNN — гэта голас, які сапраўды гучыць за мяжой (ЗША — РС), і гэта страшная рэч для нашай краіны. І мы павінны запускаць уласную сетку навін і зьмяшчаць рэальныя навіны там », - сказаў Трамп.
І дадаў, што «думае пра гэта».
«Мы павінны з гэтым нешта рабіць. Наняць сапраўды таленавітых людзей і падаць вонкі сапраўдны голас, а ня той, што хлусіць», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
CNN, New York Times і іншыя амэрыканскія СМІ выклікалі крытыку Трампа за распаўсюджваньне інфармацыі пра яго тэлефонную размову зь неназваным замежным лідэрам. Пазьней стала вядома, што адбылася размова з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зеленскім.
Гэтыя інфармацыйныя паведамленьні ў выніку прымусілі дэмакратаў ініцыяваць працэс імпічмэнту Трампа.
Акрамя таго, Трамп згадаў таксама Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа і Голас Амэрыкі, якія фінансуюцца зь бюджэту ЗША.
«У нас было Радыё Свабодная... здаецца, Радыё Свабодная Эўропа і Голас Амэрыкі... Мы стварылі іх, каб разбудаваць нашу краіну, і гэта працуе ня надта добра», — сказаў Трамп.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай адказаў на гэтую ацэнку кіраўніка Белага дому. Флай адзначыў, што рэдакцыі «Радыё Свабода», якія існуюць з 1950 году, працуюць над стварэньнем «аб’ектыўнай журналістыкі» для тых, хто ў адваротным выпадку ня будзе мець дакладных крыніц навін і інфармацыі«.
«Мы лічым, што нашы намаганьні ў галіне процідзеяньня дэзінфармацыі — праз лічбавыя плятформы, радыё і тэлебачаньне — і стварэньне добра інфармаванай грамадзянскай супольнасьці больш важныя, чым калі-небудзь, у эпоху, калі праўда зазнае наймацнейшыя атакі», — сказаў Джэймі Флай.
Стыў Герман, кіраўнік бюро галасоў Амэрыкі ў Белым доме, таксама пракамэнтаваў заўвагі Трампа, адзначыўшы, што яго рэдакцыя працуе належным чынам.
«Нягледзячы на сваю заяву, прэзыдэнт Злучаных Штатаў павінен ведаць, што Голас Амэрыкі па-ранейшаму працуе, бо ён даў гэтаму вяшчальніку, якога падтрымлівае ўрад ЗША, два інтэрвію на камеру і рэгулярна адказвае на мае пытаньні і пытаньні (карэспандэнткі Голасу Амэрыкі ў Белым доме — РС) Пэсі Вікадусвары».
- Голас Амэрыкі — найбуйнейшы міжнародны вяшчальнік ЗША, які вяшчае на больш чым 40 мовах на аўдыторыю колькасьцю больш за 275 мільёнаў чалавек.
- Журналісты Радыё Свабода паведамляюць навіны на 26 мовах у 22 краінах, дзе свабодныя сродкі масавай інфармацыі забароненыя ўрадам альбо ня могуць нармальна працаваць.