Трамп падпісаў бязьвіз для палякаў

Прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў дакумэнт, які ўключае Польшчу ў лік краін, якія выканалі ўсе неабходныя патрабаваньні для скасаваньня візавага рэжыму, інфармуе польская газэта Rzeczpospolita.

Колькасьць адмоваў у атрыманьні турыстычных і бізнэсовых візаў у Польшчы цяпер складае 2,8 %, што на 0,2 % менш, чым неабходны ўзровень для скасаваньня візаў.

Пасьля падпісаньня сёньня прэзыдэнтам Трампам адпаведнага дакумэнту Польшча далучаецца да праграмы Visa Waiver Program.

Цяпер палякі змогуць з турыстычным і бізнэсовымі мэтамі езьдзіць у Злучаныя Штаты на тэрмін да 90 дзён бязь візы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмяншэньне кошту «шэнгену» для беларусаў «падвісла». Няўжо давядзецца плаціць 80 эўра?

Будуць і абмежаваньні. Паехаць у ЗША бязь візы змогуць толькі тыя грамадзяне Польшчы, якія пасьля 1 сакавіка 2011 году не бывалі ў Паўночнай Карэі, Ірану, Іраку, Лібіі, Самалі, Судану, Сырыі і Емэне за выняткам дыпляматаў і вайскоўцаў.