Што варта ведаць пра Нобэлеўскую прэмію?

Сьвятлана Алексіевіч на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме, 10 сьнежня 2015

Нобэлеўская прэмія — адна з найболей прэстыжных у сьвеце узнагародаў, якая ўручаецца штогод за найбольш значныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы, літаратуры і грамадзкай дзейнасьці.

Прэмія была ўстаноўленая тэстамэнтам швэдзкага хіміка, інжынэра і вынаходніка дынаміту Альфрэда Нобэля (1833–1896), які перадаў у яе фонд увесь свой маёнтак.

Урачыстае ўручэньне прэміі адбываецца ў Стакгольме 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэмію ўручае кароль Швэцыі. Імёны ляўрэатаў абвяшчаюцца загадзя, звычайна ў першы поўны тыдзень кастрычніка. Прэмія ўручаецца ў пяці галінах: фізыка, хімія, фізіялёгія або мэдыцына, літаратура, прэмія міру.

Нобэлеўская прэмія па фізыцы прысуджаецца Каралеўскай Акадэміяй навук Швэцыі. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 112 разоў 209 ляўрэатам (адзін зь іх, амэрыканскі фізык Джон Бардзін, атрымаў прэмію двойчы).

Нобэлеўская прэмія па хіміі прысуджаецца Каралеўскай Акадэміяй навук Швэцыі. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 110 разоў 180 ляўрэатам (адзін зь іх, англійскі хімік Фрэдэрык Сэнгер, атрымаў прэмію двойчы).

Нобэлеўская прэмія па фізіялёгіі або мэдыцыне прысуджаецца Каралінскім інстытутам. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 109 разоў 216 ляўрэатам.

Нобэлеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца Швэдзкай Акадэміяй. У 1901—2017 гг. прэмію прысуджалі 110 разоў 114 ляўрэатам.

Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца Нарвэскім Нобэлеўскім камітэтам, склад якога прызначае парлямэнт Нарвэгіі. Прэмію міру, у адрозьненьне ад іншых нобэлеўскіх прэмій, могуць атрымліваць ня толькі асобы, але і арганізацыі. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 99 разоў 130 ляўрэатам (106 чалавек, 27 арганізацый).

У 1968 годзе Дзяржаўным банкам Швэцыі была заснаваная прэмія ў галіне эканомікі, прысьвечаная памяці Нобэля — яна ўручаецца разам з Нобэлеўскімі прэміямі, хоць да іх і не адносіцца. Гэтую прэмію прысуджае Каралеўская Акадэмія навук Швэцыі. У 1969—2018 гг. прэмію прысуджалі 50 разоў 81 ляўрэату.

Кожны зь пераможцаў атрымлівае залаты мэдаль і дыплём. Нобэлеўская прэмія таксама ўключае фінансавую частку: ляўрэат атрымлівае 9 мільёнаў швэдзкіх кронаў (0,9 мільёна даляраў). Калі ляўрэатаў некалькі, гэтая сума дзеліцца паміж імі.

У гісторыі незалежнай Беларусі Нобэлеўскую прэмію атрымаў толькі адзін яе грамадзянін — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (2015) «за шматгалосую творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час».