Двух маладафронтаўцаў аштрафавалі на тысячу рублёў за роварны прабег

Роварны прабег 25 жніўня

Суд Цэнтральнага раёну Менску 4 кастрычніка аштрафаваў двух актывістаў за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў падчас роварнага прабегу.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызначыла актывістам «Маладога фронту» Дзянісу Ўрбановічу і Віталю Трыгубаву штрафы па 1020 рублёў (40 базавых велічыняў) кожнаму.

Тыдзень таму брату Дзяніса Ўрбановіча Максіму прысудзілі за тую ж акцыю штраф у 510 рублёў (20 базавых). Агулам у роварным прабегу бралі ўдзел чатыры чалавекі — яшчэ адзін актывіст ня трапіў пад суд, бо непаўналетні.

Несанкцыянаванай масавай акцыяй у парку палічылі роварны прабег празь Менск у Курапаты, падчас якога актывісты ўсклалі кветкі і зьнічкі да помніка Янку Купалу ў парку ягонага імя, сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і паехалі далей. Яны ня лічаць, што ладзілі масавую акцыю: «Плякатаў не было, лёзунгаў не выкрыкавалі».