Анкета на бабіна лета. Іна Кулей: «Хацела б апынуцца побач з Жаннай д’Арк»

  • ВА

Іна Кулей з мужам Аляксандрам Мілінкевічам на Дні Волі ў Берасьці, 2017 год

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Іна Кулей.

Хто гэта?

Грамадзкая лідэрка — паводле пакліканьня. Дэфэктоляг, эканамістка-юрыстка і магістарка паліталёгіі — паводле адукацыі. Жонка ляўрэата прэміі імя Сахарава, кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 2006 году Аляксандра Мілінкевіча і маці журналіста Белсату Ігара Кулея — паводле статусу.

Іна Кулей, архіўнае фота

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Гэтае адчуваньне зьяўляецца ў мяне час ад часу — адчуваньне паўнаты жыцьця.

2. Які ваш найбольшы страх?

Бездапаможнасьць і адчай, калі ўжо нічым ня можаш дапамагчы дарагому чалавеку.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мне два гады зь нечым. Мы гуляем у хованкі з татам на зімовай вуліцы на Лотве — так называецца адзін з раёнаў у Ляхавічах. Тата хаваецца за калодзежам. Мне і страшна, і цікава, і весела. Я гучна сьмяюся і бегаю вакол калодзежа за таткам.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

«Настаўніцтва».

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Хлусьня.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Я прыйшла па запрашэньні на сьвята ў кампанію людзей, якія былі добра знаёмыя паміж сабой, разьняволеныя, шчырыя. Пры мне размова за сталом ператварылася ў пытаньні-адказы, а мае жарты здаваліся недарэчнымі.

Я адчувала сябе вельмі няёмка, не ў сваёй талерцы.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Завушніцы з пэрламі. Мне іх падарыла мая сьвякроўка, маці першага мужа. На той час мы ўжо гадоў зь пяць як разьвяліся, але захавалі да сёньняшняга дня цёплыя і блізкія адносіны са сьвякроўю. Я называю яе «мама». Яна дала мне завушніцы і сказала: «Гэта табе. У мяне былі сын і нявестка, а цяпер сын і дачка». Я не магла адшукаць гэтыя завушніцы некалькі гадоў, шукала ў розных месцах, розных дамах і гарадах, думала, што згубіла, але выпадкова знайшла. І зразумела, наколькі дарагі для мяне гэты падарунак.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Ніколі пра гэта не задумвалася.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Сумнай, зьнясіленай, расчараванай, хворай, забітай я магу сябе адчуваць некаторы час, але я не адчуваю сябе няшчаснай.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Спадзяюся, што яшчэ ня звычка, але... Здараецца, што я перабіваю суразмоўцу.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Люблю каву. Магу выпіць шмат. Раней да кавы дадавалася цыгарэта, але, на шчасьце, я кінула курыць 4 гады таму.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У сына. На мой сёньняшні розум я б у некаторых сытуацыях паводзіла б сябе інакш.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Ужо ў «другім жыцьці», у сталым узросьце. Калі зразумела, што кахаю.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Сыход сяброў праз «Крым наш».

З мужам Аляксандрам Мілінкевічам

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Нічога.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Побач з Жаннай д’Арк.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Думаю, што 19 сакавіка 2006 году, калі на даху Палаца Рэспублікі ў поўнай гатоўнасьці хаваліся снайпэры. Але пра гэта мы даведаліся пазьней.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Беларусь у складзе ЭЗ.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Вера ў Бога.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Я добра сплю па начах. Калі здараецца ня спаць, то гэта трывога за блізкіх людзей.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Грузія. Я была ў Грузіі ўпершыню ў жыцьці і закахалася адразу і назаўсёды.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Што я годная беларуска.