Ва ўкраінскім Жытоміры 4 кастрычніка робяцца беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі перад сустрэчай кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны казалі адзін пра аднагоУсе месцы, якія Лукашэнка і Зяленскі маюць наведаць у межах Форуму рэгіёнаў, ачэпленыя. Чакаецца, што пасьля сустрэчы сам-насам яны возьмуць удзел у пленарным паседжаньні Форуму рэгіёнаў, а затым агледзяць выставу буйнагабарытнай тэхнікі.
Самалёт Лукашэнкі мусіў прыляцець у Жытомір у 9.30. Форум ужо ідзе, журналістаў у залю не пускаюць, але абяцаюць трансьляцыю і запрашаюць у афіцыйны прэсавы цэнтар.
Мясцовыя жыхары, карыстаючыся прысутнасьцю СМІ ў горадзе, выйшлі на плошчу зь невялікай акцыяй пратэсту.
Нацыянальная паліцыя і Нацыянальная гвардыя працуюць ва ўзмоцненым складзе, таксама шмат спэцыяльнай аўтамабільнай тэхнікі праваахоўнікаў і «хуткіх дапамог».
Сама сустрэча мае прайсьці ў будынку Абласной дзяржаўнай адміністрацыі (усярэдзіну пускаюць толькі паводле сьпісаў). Плошча перад ёй ачэпленая, а перад плошчай, дзе знаходзіцца выстава буйнагабарытнай тэхнікі, выставілі мэталічныя рамкі.