Брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк высьветліў у сваіх крыніцаў у кулюарах кіроўных органаў Эўразьвязу, у чым сапраўдная прычына адмены візыту ў Менск вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні.
Юзьвяк: Візыт Магерыні быў скасаваны ўчора ўвечары. Прадстаўнікі Эўразьвязу вінавацяць у гэтым Лукашэнку. Яны сказалі мне, што ён знаходзіцца за мяжой і што ён там затрымаецца, таму яго ня будзе ў Менску, калі там зьбіралася быць Магерыні. Паводле іх, гэта ён скасаваў візыт. Да таго ж Магерыні раілі ня надта імкнуцца на гэтае мерапрыемства «Ўсходняга партнэрства», бо, здаецца, там зьбіраліся прысутнічаць міністры замежных спраў зь няшмат якіх краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візыт Магерыні ў Беларусь і сустрэча міністраў у Менску адкладзеныяПрэсавая сакратарка Магерыні Мая Кацыянчыч заявіла сёньня раніцай нашаму радыё, што «візыт вярхоўнай прадстаўніцы ў Беларусь і сустрэча міністраў „Усходняга партнэрства“ адкладзеныя з прычыны шэрагу зьменаў у парадку дня некалькіх удзельнікаў і пасьля кантактаў зь беларускімі арганізатарамі».
Пазьней прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі афіцыйна «са шкадаваньнем» паведаміла, што візыт адкладзены «праз шэраг зьменаў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаваньняў зь Беларусьсю як прымаючым бокам».
Яшчэ да паведамленьня пра скасаваньне паездкі ў Менск Магерыні стала вядома, што ў Менск не прыедзе і міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Ён адмяніў паездку ў Беларусь у апошні момант з прычыны ўдзелу ў пахаваньні вэтэрана антыкамуністычнага руху Корнэля Маравецкага, бацькі цяперашняга прэм’ера Матэвуша Маравецкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму міністры Эўразьвязу не прыехалі ў Менск: загадка Магерыні