«На мяжы радыяцыя, беларускі бок маўчыць». Рэпартаж зь літоўскіх вучэньняў на выпадак аварыі на Астравецкай АЭС

Па легендзе вучэньняў, датчыкі на мяжы зь Беларусьсю фіксуюць павышаны ўзровень радыяцыі ў паветры і вадзе, і з памежных раёнаў пачынаецца эвакуацыя.

1–4 кастрычніка ў Літве рэпэтуюць магчымую аварыю на Астравецкай АЭС, якая будуецца ў Беларусі. У першы дзень вучэньняў у Літве выпрабоўвалі аварыйныя сырэны і апавяшчэньне людзей праз СМС, радыё і тэлевізію. На другі дзень — пробная эвакуацыя з 30-кілямэтровай забруджанай зоны. Усяго ў вучэньнях удзельнічаюць тры раёны: Сьвянцянскі (Швянчоніскі), Салечніцкі (Шальчынінкайскі) і Віленскі. Узровень радыеактыўнага забруджваньня ў легендзе вучэньняў дакладна не прапісаны.

«Калі адбываецца атамная аварыя, трэба ўключаць тэлевізію»

У вёсцы Мягуны (Magūnai) рэпэтуюць эвакуацыю насельніцтва. Гэта за 45 кілямэтраў ад Астраўца, пры самай беларускай мяжы. Ролю пацярпелых, якіх трэба вывозіць з забруджанай тэрыторыі, граюць 50 валянтэраў — вучні старшых клясаў школы. Іх падвозяць да будынку мясцовай адміністрацыі. Вакол некалькі ратавальнікаў у цалкам закрытых касьцюмах для абароны ад радыяцыі.

Школьнікаў-валянтэраў заводзяць па чарзе ў будынак адміністрацыі, дзе рэгіструюць і выдаюць ёд (замест яго на вучэньнях цукеркі).

«Я сам вырашыў паўдзельнічаць, бо цікава. Але што да беларускай атамнай станцыі, ня думаю, што там адбудзецца нешта падобнае да Чарнобыльскай аварыі, бо цяпер іншыя, новыя тэхналёгіі», — кажа нам вучань-валянтэр Эдвін Андрукянец, жыхар вёскі Андрукяны.

Сэрыял «Чарнобыль» ён не глядзеў. На думку Эдвіна, калі адбываецца атамная аварыя, трэба чакаць паведамленьняў ад афіцыйных уладаў па тэлевізіі ці радыё.

Ягоная настаўніца думае інакш, яна называе беларускую станцыю «небясьпечнай пагрозай, бо такі досьвед ужо быў у Чарнобылі».

Аўтобус рэйсу Падбродзьдзе (Pabradė) — Прэны (Prienai) у зоне вучэньняў

Пасьля рэгістрацыі і порцыі ёду «пацярпелых» з 30-кілямэтровай зоны эвакуіруюць у горад Сьвянцяны (Švenčionys). Ён за 84 кілямэтры ад Астраўца, і, па легендзе вучэньняў, радыяцыі там няма. Вязуць «пацярпелых» на аўтобусе, іх суправаджае картэж паліцыі з сырэнамі.

«Знаёмыя з Чарнобылю казалі, што калі аварыя, то выпіўшым было прасьцей»

У Сьвянцянах удзельнікаў вучэньняў чакаюць нібыта дэкарацыі да сэрыялу «Чарнобыль»: ратавальнікі, вайскоўцы, паліцыя, ваенная тэхніка. Тут жа адмысловае абсталяваньне для дэзактывацыі. Але спачатку «пацярпелым» мераюць дазымэтрамі радыяцыю. Гэта робяць двое ратавальнікаў у спэцвопратцы.

Пасьля пачынаецца дэзактывацыя. Адселеных з забруджанай зоны вядуць па этапах ачышчэньня: мыюць абутак, чысьцяць, даюць адмысловыя балахоны, каб замяніць забруджаную вопратку. Ачышчаюць і транспарт, на якім прывезьлі «пацярпелых». Ратавальнікі мыюць яго з дапамогай спэцабсталяваньня.

За ўсім гэтым назіраюць мясцовыя жыхары:

«У мяне ў Чарнобылі былі знаёмыя, дык казалі, што выпіўшым менш радыяцыі дасталася, — расказвае мясцовы жыхар Мечыслаў, які назірае за дэзактывацыяй. — У нас жа была АЭС, у Літве, Ігналінская, дык я не зьвяртаў увагі на яе. Ну, будзе ў Беларусі, будзе там ім таньнейшая электрычнасьць».

Пасьля апрацоўкі аўтобуса і пераапрананьня «ахвяраў» эвакуацыя лічыцца завершанай.

Эвакуацыя

«Беларусь на вучэньні не запрашалі»

Першапачаткова плянавалася, што ў вучэньнях возьме ўдзел і Вільня, але мэрыя Вільні ад гэтага адмовілася, сказаў Свабодзе кіраўнік парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай абароне і бясьпецы Літвы Дайнюс Гайжаўскас.

«Гэта толькі пачатак вучэньняў. Нам важна паглядзець, ці гатовыя нашыя службы ліквідаваць наступствы ядзернага інцыдэнту, ацаніць супрацоўніцтва паміж ведамствамі. Цяпер мы бачым, што адно з самакіраваньняў адмовілася браць удзел у вучэньнях, пра гэта трэба спытаць мэра», — кажа Дайнюс Гайжаўскас.

Што да беларускай АЭС у Астраўцы, то нейкі інцыдэнт на ёй, на думку Дайнюса Гайжаўскаса, «цалкам магчымы».

«Мы вельмі чуйна рэагуем на гэта. Не адзін інцыдэнт ужо здарыўся падчас будоўлі, што выклікае сумневы ў бясьпецы. Літва ніколі не пагодзіцца з тым, каб гэтая станцыя была запушчаная», — кажа Дайнюс Гайжаўскас.

Паводле яго, у выпадку магчымага інцыдэнту на Астравецкай АЭС пад пагрозай у Літве — зона ад 30 да 100 кілямэтраў. Пацярпець ад аварыі могуць ад 150 да 450 тысяч чалавек.

«Наш доўг — быць гатовымі да ўсяго, у тым ліку да ліквідацыі наступстваў ці аварыі, ці нейкага ядзернага выкіду».

Супрацоўнікі літоўскага МНС сказалі Свабодзе, што для іх галоўнае — «паспрабаваць, як працуе структура падчас пагрозы, якая блізкая да рэальнай». Але самі не ўзяліся ацэньваць небясьпеку ад БелАЭС.

Цяпер Літва зацьвердзіла закон, паводле якога ня зможа набываць электрычную энэргію зь беларускай АЭС.

Удзел у вучэньнях бяруць 300 службовых асобаў зь Літвы. Прыехалі экспэрты зь Вялікай Брытаніі, Польшчы, Эстоніі. Беларускі бок Літва не запрашала.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вітаўтас Ландсбергіс: Расея і Беларусь рыхтуюць Літве «вялікае астравецкае сьвінства»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іначай выйграе Масква. Кіраўнік МЗС Літвы выступіў за дыялёг Эўразьвязу і Беларусі