«Негвалтоўны супраціў» Гандзі — тое, што і беларускае «Абы не было вайны»?

150 гадоў таму нарадзіўся Махатма Гандзі, адзін з кіраўнікоў ды ідэоляг нацыянальна-вызвольнага руху Індыі. Свабода прыгадвае асноўныя пастуляты дактрыны «негвалтоўнага супраціву» гэтага індыйскага мысьляра і палітыка.

Гандзі «стаў індусам» у Паўднёвай Афрыцы

Мохандас Карамчанд Гандзі нарадзіўся 2 кастрычніка 1869 году ў штаце Гуджарат на захадзе Індыі, у сям’і індусаў з касты купцоў (банья). Імя Махатма (на санскрыце: зь вялікай душой), пад якім ён стаў вядомы ва ўсім сьвеце, Гандзі ўпершыню атрымаў толькі ў 1914 годзе. Калі яму было 13 гадоў, бацькі ажанілі яго з 14-гадовай дзяўчынай (традыцыйны ў Індыі «шлюб па дамоўленасьці»), якая нарадзіла яму чатырох сыноў. У 1888 годзе, ва ўзросьце 18 гадоў, Гандзі выправіўся ў сталіцу Брытанскай імпэрыі, каб там набыць юрыдычную адукацыю. Пасьля чатырох гадоў у Лёнданскім унівэрсытэцкім каледжы (частцы Лёнданскага ўнівэрсытэту), Гандзі атрымаў дыплём юрыста і вярнуўся ў Індыю. У 1893 годзе ён атрымаў пасаду юрыста ў брытанскай Калёніі Наталь у Паўднёвай Афрыцы.

Гандзі і ягоная жонка Кастурбай, 1902

У Паўднёвай Афрыцы Гандзі правёў 21 год. Паводле ягонага біёграфа, Артура Германа, прыехаўшы ў Паўднёвую Афрыку, Гандзі лічыў сябе ў першую чаргу брытанцам, а толькі ў другую — індусам. Але дыскрымінацыя, якую ён і іншыя індусы адчувалі там з боку белых калянізатараў з прычыны свайго паходжаньня і колеру скуры, спрычыніла, што Гандзі стаў змагаром за правы сваіх супляменьнікаў ва ўсёй Брытанскай імпэрыі. Ягоныя палітычныя і этычныя погляды адносна натуры брытанскага каляніялізму ды мэтадаў змаганьня зь ім сфармаваліся поўнасьцю якраз у Паўднёвай Афрыцы, зь якой Гандзі вярнуўся ў Індыю ў 1915 годзе.

«Негвалтоўны супраціў» і незалежнасьць Індыі

Канцэптуальна сваю ідэю неўжываньня сілы і гвалту ў палітыцы Гандзі сфармуляваў у кнізе, напісанай ім на мове гуджараці і апублікаванай у 1909 годзе. «Сіла любові і спагады невымерна большая, чым сіла зброі. Крыўда ўзьнікае ад ужываньня грубай сілы, ніколі ад спагады» — гэтая афарыстычная цытата з кнігі падсумоўвае ўсе аргумэнты Гандзі на карысьць «негвалтоўнага супраціву» і «грамадзкага непадпарадкаваньня» на шляху Індыі да самакіраваньня, а потым да поўнай незалежнасьці ад Вялікабрытаніі.

Гандзі таксама лічыў, што Індыя знаходзіцца ня толькі пад «ангельскім ботам», але і пад прыгнётам заходняй цывілізацыі наагул, якая ня толькі не пасуе да індыйскай душы, але таксама прыносіць шкоду ўсяму астатняму сьвету і раней ці пазьней сама сябе зьнішчыць.

Гандзі прадзе

Сярод мэтадаў змаганьня з брытанскімі калянізатарамі за незалежнасьць Індыі, якія прапанаваў Гандзі сваім суродзічам, былі мірныя вулічныя пратэсты, байкот брытанскіх тавараў, адмова апранацца ў брытанскае адзеньне, пераход на тавары ўласнай вытворчасьці, байкот брытанскіх судоў і інстытуцый, адмова ад брытанскіх пасадаў. Інакш кажучы, Гандзі прапанаваў мірным шляхам пазбавіць брытанскае кіраваньне Індыяй эканамічнага, палітычнага і адміністрацыйнага зьместу.

«Негвалтоўны супраціў» і Другая сусьветная вайна

Патрабаваньні незалежнасьці для Індыі з боку Гандзі сталі яшчэ больш радыкальнымі, калі Вялікабрытанія ўступіла ў вайну з нацысцкай Нямеччынай. Гандзі, задэкляраваны пацыфіст, лічыў, што Індыя не павінна дапамагаць сваім калянізатарам у вайне з Гітлерам. Гэтым разам, аднак, суродзічы яго не паслухаліся — больш за 2,5 мільёна індыйцаў добраахвотна ўступілі ў брытанскую армію і змагаліся зь немцамі на франтах, на якіх ваявалі заходнія саюзьнікі.

У 1940 годзе, тлумачачы брытанцам, як ім трэба паводзіць сябе ў вайне зь Нямеччынай, Гандзі сказаў:

«Я хацеў бы, каб вы склалі сваю зброю як бескарысную для справы ўратаваньня вас саміх і чалавецтва. Папрасіце спадароў Гітлера і Мусаліні ўзяць тое, што яны хочуць, з краінаў, якія вы называеце вашай маёмасьцю… Калі гэтыя спадары вырашыць заняць вашы дамы, пакіньце іх. Калі яны не дадуць вам свабодна пакінуць іх, то лепш будзе, калі яны вас пазабіваюць, чым калі вы прысягнеце ім на вернасьць».

Тут, безумоўна, гуманістычная па сваім характары дактрына «негвалтоўнага супраціву», якой Гандзі заставаўся верным усё жыцьцё, уступіла ў яўную супярэчнасьць з рэальнасьцю.

Магатма Гандзі і першы прэм’ер-міністар Індыі Джавагарлал Нэру, 1946. Фота: Max Desfor.

Гвалту не ўдалося аднак пазьбегчы ў 1947 годзе, калі брытанскі парлямэнт урэшце зацьвердзіў незалежнасьць Брытанскай Індыі, адначасова разьдзяліўшы сваю былую калёнію на індуісцкую Індыю і мусульманскі Пакістан (усходні і заходні). Пасьля гэтага падзелу ўспыхнула жорсткая барацьба паміж індуістамі і мусульманамі. У пачатку 1948 году ў спробе спыніць міжнацыянальныя звады Махатма Гандзі зьвярнуўся да галадоўкі: «Сьмерць стане для мяне цудоўным выратаваньнем. Ужо лепш памерці, чым быць бездапаможным сьведкам самазьнішчэньня Індыі», — заявіў ён тады. Аўтарытэт Гандзі ў грамадзтве быў настолькі вялікі, што гэтая галадоўка схіліла лідэраў індуісцкай і мусульманскай супольнасьцяў шукаць палітычны кампраміс і прымірэньне. Але 30 студзеня 1948 году індуісцкі нацыяналіст, які лічыў, што Гандзі занадта патурае мусульманам, пусьціў у 78-гадовага айца індыйскай незалежнасьці тры кулі. Жыцьцё Махатмы Гандзі абарвалася.

Сусьветная спадчына «гандзізму»

Ідэі Махатмы Гандзі, у цэнтры якіх стаіць прынцып «негвалтоўнага супраціву», натхнялі шмат якіх палітычных дзеячаў і змагароў за правы чалавека ў другой палове ХХ стагодзьдзя. Уплыў Гандзі на сваю дзейнасьць у свой час адзначалі Мартын Лютэр Кінг у ЗША, Нэльсан Мандэла ў Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы і Аўн Сан Су Чы ў Бірме. Значэньне Гандзі для сусьветнага палітычнага дыскурсу выдатна падкрэсьліў колішні прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас сваёй прамовы ў індыйскім парлямэнце ў 2010 годзе, дзе ён адзначыў:

«Я ўвесь час памятаю, што я мог бы і не стаяць перад вамі сёньня як прэзыдэнт Злучаных Штатаў, калі б не было Гандзі і ягонага мэсыджу, які ён паслаў Амэрыцы і сьвету».

Спосабы негвалтоўнай палітычнай барацьбы, якія прапагандаваў Махатма Гандзі, выкарыстоўваліся потым рухамі гэтак званага «грамадзянскага супраціву» або «грамадзянскага непадпарадкаваньня» ў шмат якіх краінах сьвету з жорсткімі палітычнымі рэжымамі і з парушэньнямі правоў чалавека. Ня толькі ў Паўднёваафрыканскай рэспубліцы, Бірме ці Кітаі, але таксама ў ЗША, Іране, Сэрбіі, Грузіі, Украіне ці Польшчы часоў «Салідарнасьці»…

Захад і Ўсход ніколі не сыдуцца?

Нобэлеўскі ляўрэат Рэд’ярд Кіплінг у сваёй «Балядзе пра Ўсход і Захад» напісаў афарыстычны радок, які цытуецца па сёньняшні дзень:

East is East, and West is West, and never the twain shall meet.

Кіплінг, зразумела, меў на ўвазе сытуацыю брытанскага панаваньня ў Індыі, у якой ён нарадзіўся і якая натхняла яго на літаратурную творчасьць.

Атрымаўшы незалежнасьць, Індыя здолела захаваць сваю ўласную цывілізацыю, хоць і «параненую», як акрэсьліў яе іншы нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры В. С. Найпал. І Індыя здолела застацца хутчэй «на Ўсходзе», чым «на Захадзе».

Аднак пэрыяд брытанскага панаваньня не мінуў для Індыі бясьследна. Падобна, хочацца тут сказаць, як пэрыяды расейскага і польскага панаваньня не мінулі бясьследна для Беларусі. І гэта, па-мойму, адно зь вельмі істотных падабенстваў паміж Індыяй і Беларусьсю.