Кампанія Henley & Partners 1 кастрычніка апублікавала абноўлены Індэкс пашпартоў, які адлюстроўвае зьмены ў бязьвізавым рэжыме краінаў сьвету ў чацьвёртым квартале 2019 году.
Беларусь у чацьвёртым квартале 2019 году ў параўнаньні з трэцім паднялася на адзін радок і цяпер займае 68-е месца ў індэксе разам з Казахстанам. Пры гэтым колькасьць умоўных балаў за краіны, якія беларусы могуць наведаць бязь візы або зь візай па прылёце, засталася ранейшай — 75, а зьмена пазыцыі адбылася за кошт зьмяненьня рэйтынгу іншых дзяржаваў. Такое ж месца Беларусь займала ў мінулым 2018 годзе.
Сярод краінаў, якія знаходзяцца ў шостай дзясятцы і абагналі Беларусь у рэйтынгу, — Намібія (67-е месца), Тайлянд (66), Балівія і Сурынам (65), Аман (64), Бахрэйн (63), Батсвана і Папуа — Новая Гвінэя (62), Ямайка і Мальдывы (61), Гаяна і Наўру (60).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у гадавых рэйтынгах: ад войска і свабоды да шчасьця і пашпартоў. ІНФАГРАФІКАТройка лідэраў рэйтынгу за тры месяцы не зьмянілася:
- 1 месца — Японія і Сынгапур (пашпарты гэтых краінаў маюць 190 балаў з 227),
- 2 месца — Нямеччына, Фінляндыя і Паўднёвая Карэя (188),
- 3 месца — Данія, Італія і Люксэмбург (187).
Найбольш пасьпяховымі апошнія тры месяцы сталі для Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — краіна паднялася ў рэйтынгу на рэкордныя пяць радкоў, атрымаўшы бязьвізавы доступ у шэраг афрыканскіх краінаў. Цяпер краіна займае 15-е месца ў рэйтынгу і (172 балы).
Паказьнікі краінаў – суседак Беларусі істотна не зьмяніліся: Расея займае 48-е месца ў рэйтынгу, Украіна — 43-е месца, Польшча — 13-е месца, Літва — 9-е месца, Латвія — 10-е месца.
На апошнім 107-м месцы Індэксу пашпартоў знаходзіцца Аўганістан з 25 баламі.
У яшчэ адным рэйтынгу — Глябальным рэйтынгу сілы пашпартоў — Беларусь цяпер займае 52-е месца разам з Аманам. У тым рэйтынгу налічылі 44 краіны, куды беларусаў пускаюць бязь візы, а таксама 41 краіну, дзе беларусам даюць візу па прылёце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 пытаньняў і адказаў пра спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам