Пяты прэзыдэнт Украіны і лідэр партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятро Парашэнка заявіў, што пагадзіўшыся на так званую «формулу Штайнмаера», Украіна адраклася ад уласнай дарожнай карты выкананьня Менскіх пагадненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дамовілася аб разьвядзеньні войскаў на Данбасе і правядзеньні мясцовых выбараўТрохбаковая кантактная група па Ўкраіне ўзгадніла і падпісала ў Менску дакумэнт, які разьвівае так званую «формулу Штайнмаера». Дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне закона аб асаблівым статусе акупаванай часткі Данбаса пасьля правядзеньня там мясцовых выбараў, згодна з заканадаўствам Украіны.
«Падпісаньне формулы рускага паходжаньня — формулы Пуціна, дэ-факта, азначае паслабленьне ці нават зьняцьце санкцый супраць Расеі. А таксама легітымізацыю акупаванага Расеяй Данбаса, легітымізацыю незаконнага рэфэрэндуму ў Крыме і незаконнай анэксіі Крыму», — гаворыцца ў заяве Парашэнкі і яго партыі.
Паводле пятага прэзыдэнта Украіны, спачатку павінны быць вырашаны пытаньні бясьпекі, і толькі потым — палітычныя.
«Мы гатовыя як дапамагчы ўладзе выблытацца з гэтай пасткі, так і жорстка процідзейнічаць небясьпечным сцэнарам, калі ўлада не пачуе супольнасць і апазіцыю», — гаворыцца ў заяве «Эўрапейскай салідарнасьці» і яго лідэра.
У партыі таксама паказваюць, што «салідарызуюцца» з акцыямі і «заклікамі, якія гучаць сярод ветэранаў». Гаворка ідзе пра акцыі пратэсту супраць згоды Ўладзімера Зяленскага на «формулу Штайнмаера».