У Ганконгу паліцыя ўжыла агнястрэльную зброю супраць пратэстоўцаў

Ганконг

У Ганконгу адзін з удзельнікаў масавай акцыі пратэсту, прымеркаванай да 70-й гадавіны ўтварэньня КНР, атрымаў агнястрэльнае раненьне ў грудзі. Паведамленьні СМІ пацьвердзіла паліцыя. Яна сьцьвярджае, што паліцэйскі страляў у мэтах самаабароны.

Мэдыкі пацьвердзілі, што ў сутыкненьнях былі параненыя ня менш за 15 чалавек, адзін з іх у крытычным стане — як сьцьвярджаецца, гэта менавіта ён атрымаў агнястрэльнае раненьне.

Раней паліцыя, па яе сьцьвярджэньнях, толькі страляла ў паветра, каб разагнаць людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горад, які ня хоча быць кітайскім. Чаму пратэсты ў Ганконгу ня маюць вялікага сэнсу

Сутыкненьне ў Ганконгу ў аўторак — адно з самых жорсткіх за апошнія месяцы. У розных раёнах гораду ўдзельнікі акцый пратэсту ўзводзілі барыкады, супраць паліцэйскіх выкарыстоўваліся «кактэйлі Молатава». Паліцыя ўжывала сьлёзацечны газ, вадамёт, гумовыя кулі. Было зачынена мноства станцый мэтро.

Пратэсты ў Ганконгу працягваюцца больш чатырох месяцаў. Дэманстранты спачатку дамагаліся адмены разгляду закона аб экстрадыцыі абвінавачаных у злачынствах у мацерыковы Кітай.

Затым патрабаваньні пашырыліся. Галоўнае зь іх — захаваньне аўтаноміі горада і адстаўка ганконскіх уладаў. Гучаць і патрабаваньні незалежнасьці ад Кітая. Кітайскія ўлады асуджаюць пратэсты і пагражаюць іх удзельнікам жорсткімі мерамі.