У індустрыяльным парку «Вялікі камень» (Смалявіцкі раён) адсьвяткавалі 70-годзьдзе стварэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра шлях КНР ад «беднага азіята» да супэрдзяржавыУ сьвяткаваньні ўзялі ўдзел прадстаўнікі кітайскіх кампаній, якія працуюць у Беларусі, супрацоўнікі СЗАТ «Кампаніі па разьвіцьці індустрыяльнага парку» і «Чайна Мэрчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр камэрцыйнай і лягістычнай кампаніі».
На ўсёй тэрыторыі парку вывешана мноства сьцягоў Беларусі і Кітаю, а само сьвяткаваньне пачалося з цырымоніі ўзьняцьця дзяржаўных сьцягоў абедзьвюх краін.
Потым усе накіраваліся ў выставачны будынак парку, дзе прагучалі патрыятычныя кітайскія песьні.
Усе прамовы таксама гучалі па-кітайску. Гучалі віншаваньні з гадавінай і скандаваньні лёзунга «Радзіма вечная!» Гучалі песьні «Сёньня твой дзень нараджэньня, мая радзіма», «Я люблю цябе, мая Радзіма», «Маё кітайскае сэрца», «Я і мая Радзіма» і прагучала савецкая песьня «Дороженька». Прадстаўнік кітайскага боку патлумачыў, што да тэксту гэтай песьні дадалі словы пра Шаўковы шлях.
«Мая песьня была пра радзіму, што яна вялізная і што я абажаю Кітай», — сказала карэспандэнту Свабоды асьпірантка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры Чжу Гелімэн.
Падчас песень паказвалі кадры фатахронікі, на якой, сярод іншага, быў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, і кітайская вайсковая тэхніка, і Вялікая кітайская сьцяна.
Кітайцы здымалі сьвяткаваньне на тэлефоны, зь відэакамэр і дрона. У канцы валянтэрам (пераважна студэнтам), якія бралі ўдзел у арганізацыі сьвята, уручылі граматы.
Памочніца дырэктара гатэлю «Пэкін» Кацярына кажа, што «ўсё было ў кітайскім стылі, масава, маштабна, бо сьвята вялікае і кітайцы да яго рыхтаваліся, рэпэтавалі і сьвяткуюць ва ўсіх краінах».
Пасьля падзеі пасол КНР у Беларусі Цуй Цімін сказаў журналістам, што агульная сума інвэстыцый у парк складае 1,1 млрд даляраў. Фактычна выкананыя інвэстыцыі складаюць 500 мільёнаў даляраў.
Кіраўнік адміністрацыі парку «Вялікі камень» Аляксандар Ярашэнка мяркуе, што праект «стане высокатэхналягічным, інавацыйным, з пэрспэктывай, будаўніцтвам прадпрыемстваў заўтрашняга і пасьлязаўтрашняга дня».
«Ён тут будуецца як горад будучыні, дзе людзям камфортна працуецца, ёсьць цікавая высокатэхналягічная вытворчасьць і дзе камфортна жывецца. Гэта экалягічна абсалютна чысты праект, што таксама зьяўляецца знакам якасьці», — сказаў Аляксандар Ярашэнка.
Ён расказаў пра пляны прыцягнуць каля 85 рэзыдэнтаў і што сёлета 20 прадпрыемстваў запусьцяць свае вытворчасьці, а налета яшчэ 10. Таксама сёлета ў парку пабудавалі першы жылы дом на 156 кватэр, яго заселяць празь месяц-паўтара.
«Плянуем, што на першым этапе будзе пабудаваны жылы комплекс на 6 тысяч чалавек. Тут будуць таксама сацыяльныя аб’екты, школа, дзіцячы садок, гандлёвыя пункты. Там будуць жыць людзі, задзейнічаныя ў вытворчасьці», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Ярашэнка.
Цяпер у парку працуе каля тысячы кітайцаў. Ці будзе іх больш? «Гэта залежыць ад нашых кітайскіх партнэраў; я думаю, што, безумоўна, будзе. Хаця ў асноўным ідзе напаўненьне беларускім насельніцтвам», — сказаў кіраўнік адміністрацыі парку.
Аляксандар Ярашэнка так патлумачыў сэнс сёньняшняга сьвяткаваньня: «Сёньня 70 гадоў краіне, якая зьяўляецца вялікай, якая мае шматвяковую гісторыю і зьяўляецца нашым стратэгічным партнэрам».
Чаму ўсё гучала па-кітайску, без перакладу? Аляксандар Ярашэнка сказаў, што таксама не валодае кітайскай мовай.
«Гэта іхнае сьвята. Гэта сьвята нашых кітайскіх сяброў. А сьвята нашых сяброў — гэта і наша сьвята. Яны робяць для сябе кітайскія сьвяткаваньні, і гэта такі невялікі астравок Кітаю ў Рэспубліцы Беларусь».
«Гэта ваша зямля, гэта ваш дом», — казалі беларускія прадстаўнікі адміністрацыі парку падчас сьвяточнага сходу.