Цяпер амбасада ЗША ў Беларусі месьціцца ў раёне Старажоўкі, на вуліцы Старавіленскай, 46. Калісьці замежныя амбасадары ў Беларусі мелі таксама рэзыдэнцыі ў Драздах, але іх адтуль выселілі ў 1998 годзе — цяпер у Драздах адна з рэзыдэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў супраць Беларусі былі ўведзеныя першыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу
Самая геаграфічна блізкая да Беларусі амбасада ЗША ў іншай краіне знаходзіцца ў Вільні. Катэдж канца XIX стагодзьдзя месьціцца ля парку пад гарой Таўро
А так выглядае амбасада ЗША ў суседняй Рызе — будынак здалі параўнальна нядаўна, у 2011 годзе
Годам пазьней новы будынак атрымала амбасада ЗША ў Кіеве — не зусім у цэнтры, затое між двума паркамі
Самы вядомы будынак амбасады ЗША ў Маскве — колішні шматкватэрны дом на Новінскім бульвары, куды місія пераехала ў 1953 годзе. Гэта на яго Саветы накіроўвалі загадкавае мікрахвалевае выпраменьваньне. Новы будынак амбасада атрымала ў 2000 годзе, але працягвае працаваць і ў старым
У Варшаве амбасада ЗША месьцілася ў шмат якіх месцах, у тым ліку у палацах Замойскіх, Бурбона, Патоцкіх. Цяперашні будынак яна атрымала ў 1967 годзе
Часам амбасады ЗША знаходзяцца ў незвычайных у архітэктурным пляне будынках. Напрыклад, як гэты «палацык» у Любляне, які будаваўся ў канцы XIX стагодзьдзя як віла для мастака…
…або як гэты мадэрнісцкі цыліндар у Дубліне, збудаваны ў сярэдзіне 1960-х…
…або як гэты будынак у Нью-Дэлі, збудаваны ў канцы 1950-х і задуманы архітэктарам як «храм міру»
Найвялікшай і найдаражэйшай амбасадай ЗША называюць комплекс у Багдадзе, адкрыты ў 2009 годзе. Будынкі каштавалі каля 750 млн даляраў, там працавала да 16 тысяч чалавек. Праўда, у траўні 2019 году ўсім ня важным крытычна супрацоўнікам амбасады загадалі пакінуць краіну з прычыны ўзрастаньня напружанасьці ў рэгіёне