10 фактаў пра шлях КНР ад «беднага азіята» да супэрдзяржавы

Пэкін

70-годзьдзе з дня ўтварэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі. У Пэкіне адбыўся гіганцкі парад, а лідэр краіны Сі Цьзіньпін заявіў, што «ніякая сіла не перашкодзіць кітайцам і кітайскаму народу народу ісьці наперaд».

Якім быў шлях Кітаю наперад? Пра гэта Свабода распавядае ў адказах на 10 пытаньняў пра мінулае і сучаснасьць гэтай краіны.

Парад у Пэкіне

Чаму днём заснаваньня Кітайскай Народнай Рэспублікі лічыцца 1 кастрычніка 1949 году?

Бо ў гэты дзень было абвешчана пра яе ўтварэньне. Гэта адбылося пасьля перамогі прыхільнікаў лідэра Камуністычнай партыі Кітаю Мао Цзэдуна ў грамадзянскай вайне супраць прыхільнікаў кансэрватыўна-нацыяналістычнай партыі «Гаміньда́н» на чале зь яе лідэрам Чан Кайшы. Апошні ўтварыў на Тайвані Кітайскую Рэспубліку. А Мао кіраваў Кітаем да сваёй сьмерці ў 1976 годзе.

А што тады было ў Кітаі да Мао?

Мао Цзэдун абвяшчае КНР

Ад 1912 да 1949 году на тэрыторыі сучаснага Кітаю існавала Кітайская Рэспубліка (без Тыбэту, які Кітай далучыў у 1950 годзе). Яна ўтварылася пасьля падзеньня апошняй імпэратарскай дынастыі Кітаю — дынастыі Цін.

Як Мао пачаў зьмяняць Кітай?

  • Распачаў нацыяналізацыю, калектывізацыю і індустрыялізацыю
  • Раздаў 47 мільёнаў га зямлі багатых землеўласьнікаў 300 мільёнам бедных сялянаў.
  • Пачаў тэрор супраць заможных кітайцаў. Прынамсі мільён зь іх былі забітыя.
  • Спрасьціў кітайскае пісьмо, каб прасьцей было вучыць кітайцаў чытаць і пісаць

Што такое «культурная рэвалюцыя»?

У траўні 1966 году Мао Цзэдун захацеў пазбавіцца палітычных канкурэнтаў і пачаў уводзіць у жыцьцё ідэалёгію мааізму. Гэты працэс атрымаў назву: «культурная рэвалюцыя».

Распачалася вялікая чыстка. Мао і яго прыхільнікі заклікалі змагацца супраць старых ідэяў, звычаяў, культуры і традыцыяў. Зьнішчаліся музэі, помнікі архітэктуры, кнігі, творы мастацтва, усё, што на думку Мао, нагадвала пра «буржуяў». З замежжа былі адкліканыя ўсе кітайскія паслы. Гульня ў карты і шахматы лічылася злачынствам. Забаронена было нават сьпяваць дзецям калыханкі. Быў уведзены культ асобы Мао Цзэдуна.

Постэ з нагоды "культурнай рэвалюцыі"

Заканчэньнем «культурнай рэвалюцыі» лічыцца 1976 год, калі была арыштаваная «банда чатырох». Так называлі галоўных камуністычных дзеячоў, якія спрабавалі пасьля сьмерці Мао ўзначаліць краіну.

Хто прыйшоў да ўлады пасьля сьмерці Мао?

Неўзабаве пасьля сьмерці Мао памёр і прэм’ер Чжоў Энлай. У краіне адбыліся шматмільённыя пратэсты супраць радыкальнай палітыкі маоізму. Яны былі падаўленыя, а да ўлады прыйшоў Дэн Сяопін, прагматык і прыхільнік кампрамісаў.

Менавіта ён аўтар слынных словаў: «Няважна, белы кот або чорны, важна, каб ён лавіў мышэй». Гэта была жорсткая крытыка маоізму. У Кітаі пачаліся вялікія перамены.

Перамены ў Кітаі? Вы жартуеце?

Ані кроплі. Дэн, вядома, быў камуністам і не зьбіраўся спыняць камунізм у Кітаі. Але ён быў рашучым праціўнікам маоізму і паспрабаваў палепшыць камунізм. І рабіў ён гэта дзякуючы выкарыстаньню капіталістычных мэханізмаў у эканоміцы.

Праз 20 гадоў пасьля таго, як Мао стварыў вясковыя камуны, Дэн Сяопін пачаў іх закрываць. Гэта прывяло да распаду камуністычных структур у вёсцы і вяртаньня да рынкавай эканомікі, паколькі ажно 84% кітайскага грамадзтва былі сялянамі. Ім дазволілі браць зямлю ў арэнду спачатку на 15 гадоў, пасьля на 30, у 2004 годзе — на 99, а ў 2007 годзе ў Кітаі ўвялі прыватную ўласнасьць.

Узорам для Дэна быў Сынгапур. Ён паставіў краіну на капіталістычныя рэйкі, але адмаўляцца ад аўтарытарызму не зьбіраўся.

Што прынесла палітыка Дэн Сяопіна?

Дэн Сяопін

Калі ўзьнікла КНР, то яе доля ў сусьветным ВУП складала ўсяго 3,5%. Сёньня гэта больш за 17%, а Кітай лічыцца другой пасьля ЗША эканомікай сьвету.

Паводле дадзеных Сусьветнага банку, у 1981 годзе доля вельмі бедных людзей у Кітаі складала 88,3%. У 2015 годзе толькі 0,7% насельніцтва Кітаю жылі ва ўмовах крайняй галечы. За гэты пэрыяд колькасьць бедных людзей у Кітаі скарацілася з 878 мільёнаў да менш за дзесяць мільёнаў.

У Кітаі жыве 500 мільярдэраў. Краіна зьяўляецца галоўным месцам у сьвеце для прамых замежных інвэстыцый. Штогод яна прыцягвае больш за 100 млрд даляраў.

Кітай — рэкардсмэн па патэнтах. Летась іх там выдалі 1,5 млн, хаця яны не заўсёды найлепшай якасьці.

Кітай зьяўляецца інфраструктурным гігантам. У краіне збудаваная найдаўжэшая ў сьвеце сетка хуткай чыгункі — больш за 31 тысячу км (столькі ж у гэты момант будуецца). 6 з 10 найдаўжэйшых мастоў сьвету знаходзіцца ў Кітаі. Кітай збудаваў тры з 10 найдаўжэйшых тунэляў сьвету. Паводле працягласьці аўтастрадаў Кітай ужо абагнаў ЗША — 142 тысячы км (у ЗША — 108 тысяч).

На каго там працуюць людзі: на прыватныя кампаніі ці на дзяржаву?

Найдаўжэйшы марскі мост у сьвеце - 55 км

90 млн прадпрыемстваў у Кітаі — гэта малыя і сярэднія фірмы. 28 млн — гэта малыя кампаніі і мікрафірмы. Гэта 97% усіх фірмаў, якія працуюць у краіне. Яны вырабляюць каля 60% ВУП і даюць працу 80% жыхарам Кітаю. Доля гэтых кампаній у кітайскім экспарце складае 2/3.

Дык а ў Кітаі ёсьць нейкія праблемы, ці там усё ідэальна?

Кітай застаецца аўтарытарнай дзяржавай з цэнзурай і перасьледам нацыянальных меншасьцяў.

Надалей сур’ёзнай праблемай застаецца карупцыя і сацыяльная няроўнасьць. Больш за 80% водаў у кітайскі рэках і азёрах забруджаныя. Часам настолькі, што іх нельга выкарыстоўваць нават у сельскагаспадарчых мэтах. Моцна забруджаныя глебы, нярэдка цяжкімі мэталамі. Людзей прымусова высяляюць з уласнай зямлі, якую ўлада хоча перадаць пад новыя інвэстыцыі. Гарады ў паўночна-ўсходнім Кітаі лічацца самымі забруджанымі ў сьвеце.

Але пры гэтым Кітай зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце вытворцам ветравой энэргіі і найбуйнейшым вытворцам электрамабіляў.

Дык Кітай сацыялістычны ці капіталістычны?

Добрае пытаньне. Некалькі гадоў таму ў Кітаі ўзьнікла студэнцкая арганізацыя, якая заклікала ўрад вярнуцца да камуністычных каранёў, але доўга яна не праіснавала.

На гэтае пытаньне дасьціпна і справядліва адказаў Уільям Кэлаган з Лёнданскай школы эканомікі: — Сацыялізм Кітаю азначае тое, чаго хоча Камуністычная партыя Кітаю.