«Уважліва сачу за сытуацыяй у Армэніі з пункту гледжаньня адносінаў да Беларусі. Я ведаю, што армяне заўсёды добра ставіліся да яе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам у Ерэване, куды кіраўнік Беларусі прыляцеў для ўдзелу ў пасяджэньні Найвышэйшага эўразійскага эканамічнага савету.
«Мы будзем падтрымліваць ваш бізнэс у Беларусі, калі вам цікавы наш — будзем да вас прыяжджаць, ствараць супольныя прадпрыемствы. Я гэта кажу да таго, каб вы ня думалі, што ў нас зьмянілася палітыка ў дачыненьні да Армэніі. Калі нават вы адмовіцеся з намі супрацоўнічаць, мы ўсё роўна будзем настойваць на тым, каб быць вельмі блізкімі і сяброўскімі дзяржавамі», — цытуе Аляксандра Лукашэнку яго прэс-служба.
Беларускі кіраўнік запэўніў Пашыньяна, што Беларусь заўсёды гатовая падставіць Армэніі плячо і ніколі ні з кім ня будзе сябраваць супраць яе. «Так склалася, што Вы ў мяне вельмі добры сябар, і прэзыдэнт Азэрбайджану яшчэ з даўніх часоў добры сябар. Ну, і што мне сёньня рабіць? Я вельмі добра стаўлюся і да Армэніі, і да Азэрбайджану, — сказаў Лукашэнка. — Мы гатовыя працаваць у інтарэсах Армэніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паміж Армэніяй і Азэрбайджанам: саюзьніцтва фармальнае і нефармальнаеАляксандр Лукашэнка дадаў, што, магчыма, закрануў недыпляматычную тэму, якую ня варта было б узьнімаць, аднак ён не хацеў бы, каб паміж кіраўніцтвам Беларусі і Армэніі былі нейкія недамоўкі: «Гэта ня проста размова. Ведайце, што мы заўсёды будзем добра да вас ставіцца, як да родных, як да братоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Пашыньяну: «Ты чаго язык... засунуў». ВІДЭАУ сваю чаргу Нікол Пашыньян адзначыў, што вельмі рады здольнасьці дзьвюх краін працаваць разам і абмяркоўваць самыя няпростыя пытаньні, каб прыйсьці да адзінага меркаваньня. «У нас дастаткова мудрасьці, адвагі і волі ўсе пытаньні вырашыць так, каб сяброўства і братэрства паміж нашымі народамі і краінамі разьвіваліся», — выказаў упэўненасьць прэм’ер-міністар Армэніі.