«Ветер, к счастью, дул не на Киев», — назва публікацыі пра аварыю на ЧАЭС у адной з маскоўскіх газэтаў неўзабаве пасьля трагічнай падзеі. Вецер сапраўды дзьмуў не на Кіеў, а на поўнач, на Беларусь — але пра гэта доўга не казалі.
Каб зразумець фразу «БНФ сказаў праўду пра Чарнобыль», варта прыгадаць хаця б тое, што ў канцы 80-х БССР перадавала ў т.зв. «саюзны бюджэт» дзясяткі мільёнаў рублёў — на «ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС», і перадавала ня проста ў Маскву, а... у Міністэрства атамнай энэргетыкі.
І рабілася гэта аж да моманту, пакуль вясной 1990-га дэпутаты БНФ не ўзьнялі чарнобыльскую тэму на першай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як БНФ дамогся праўды пра ЧарнобыльСтрога кажучы, першымі праўду пра Чарнобыль спрабавалі казаць Алесь Адамовіч і акадэмік Васіль Несьцярэнка — у першыя ж дні пасьля аварыі, і ня дзе-небудзь, а ў кабінэце першага сакратара ЦК КПБ Сьлюнькова. Але іх не пачулі.
Як потым казаў сам Адамовіч, сапраўдны шырокі розгалас тэма Чарнобылю на беларускай зямлі атрымала дзякуючы намаганьням Беларускага Народнага Фронту. У красавіку 89-га Фронт правёў на плошчы Леніна ў Менску «Гадзіну смутку», а 30 верасьня таго ж 1989-га — першы «Чарнобыльскі шлях».
Дазнацца пра тое, што БНФ рыхтуе шэсьце і мітынг, грамадзяне маглі толькі з улётак. Інфармацыйная блякада Народнага Фронту ў дзяржаўных СМІ была татальнай. Каб людзей сабралася меней, ЦК КПБ арганізаваў па ўсёй Беларусі «суботнік» — натуральна, пад пэрсанальную адказнасьць дырэктараў прадпрыемстваў.
Але людзі прыехалі ў Менск — з Хойнікаў, Брагіна, Мазыра, Веткі... Даехалі ня ўсе, бо міліцыя спыняла аўтамабілі, здымала людзей зь цягнікоў. Тыя, хто дабраўся, несьлі па праспэкце чорныя транспаранты зь лічбамі ступені радыяцыйнай забруджанасьці — цэзіем, стронцыем. А мянчане несьлі плякаты са словамі падтрымкі і спачуваньня чарнобыльцам.
Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек (называлася лічба ў 150 тысяч, але найбольш рэальнай мне бачыцца ад 30 да 50 тысяч) прайшлі ад парку Чалюскінцаў да Дому ўраду. (У некаторых нядаўніх публікацыях пішуць, што калёну ўзначаліў Васіль Быкаў. Васіль Уладзімеравіч сапраўды ўдзельнічаў у большасьці фронтаўскіх масавых акцыяў, але ў той дзень яго не было — калі не памыляюся, захварэў.) Мітынг адбыўся на тагачаснай плошчы Леніна, вёў яго Зянон Пазьняк (ён, разам зь Юрыем Хадыкам і Генадзем Грушавым, быў заяўнікам акцыі). Выступоўцы прамаўлялі з прыступак пэдагагічнага інстытуту. Людзі з забруджаных раёнаў, зрываючы голас, казалі пра хваробы і заўчасныя сьмерці, пра тое, як мэдыкам забараняюць пісаць праўдзівыя дыягназы, як патрабуюць сеяць і зьбіраць ураджай на забруджаных палетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А.Адамовіч у 1989 годзе: “Мы прыйдзем да экалягічнага Нюрнбэргу”Алесь Адамовіч сказаў тады, што гэта нагадвае яму, як у свой час, пасьля масавай рэабілітацыі ахвяраў сталінскага тэрору, вязьні, якім удалося выжыць у ГУЛАГу, вярталіся зь лягераў — і сустракаліся з тымі, хто ня быў за калючым дротам, і гэта былі — усё роўна як розныя народы. Гэтак і сёньня, казаў Адамовіч, мянчане ці не ўпершыню чуюць голас тых, хто пакутуe ў месцах, дзе жыць немагчыма.
Ужо праз год я зразумеў, што словы спачуваньня мянчане маглі адрасаваць і самім сабе: працуючы ў чарнобыльскай парлямэнцкай камісіі, мы даведаліся пра існаваньне загадаў разбаўляць «брудныя» прадукты чыстымі. Аднойчы з адной з рэспублік Закаўказьзя вярнулі ў Менск эшалён зь беларускім мясам — з рэкамэндацыяй мяса зьнішчыць, а вагоны прадэзынфікаваць. Мяса, зразумела, ня зьнішчылі — пайшло ў беларускія крамы.
Так што і мянчанаў, і віцяблянаў, і гарадзенцаў можна было называць «чарнобыльскім народам».
Пасьля мітынгу была прэсавая канфэрэнцыя з удзелам акадэмікаў, празь некалькі дзён міліцыя прыйшла на працу да Пазьняка, каб уручыць яму позву за арганізацыю «несанкцыянаванай акцыі», былі аштрафаваныя Грушавы і Хадыка.
Але па ўсіх вядучых тэлеканалах сьвету прайшлі кадры з чарнобыльскага шэсьця ў сталіцы рэспублікі, якая, аказваецца, таксама пацярпела ад аварыі. І тут ужо не выпадала ўсумніцца ў маштабе драмы — бо прамаўляла не камуністычнае кіраўніцтва (яно якраз імкнулася схаваць праўду). А — народ, які з гэтага моманту пачалі называць «чарнобыльскім».
У публікацыі скарыстаныя фота з грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фотаархіў Уладзіміра Сапагова