На тле абмеркаваньня перапахаваньня Кастуся Каліноўскага дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім вырашыла прапанаваць Савету міністраў разглядзець праект закону аб аднаўленьні ордэна імя Каліноўскага.
Тэкст ліста з праектам яна цалкам разьмясьціла на Facebook. Ордэнам прапануецца ўзнагароджваць:
- за асаблівыя заслугі ў зацвярджэньні і абароне дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, ва ўмацаванні абароназдольнасці і бяспекі Рэспублікі Беларусь;
- за значны ўклад у развіццё дэмакратыі і сацыяльнага прагрэсу, правядзенне сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў, актыўную дзейнасць па абароне правоў і свабод чалавека.
- Ордэн Кастуся Каліноўскага носіцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна "За асабістую мужнасць
На момант публікацыі амаль 280 чалавек падпісаліся пад пэтыцыяй за аднаўленьне ордэну Каліноўскага на сайце Petitions.by.Подпісы накіруюць у Палату прадстаўнікоў.
Ордэн Кастуся Каліноўскага быў афіцыйнай узнагародай Беларусі з 1996 па 2004 год. Узнагароду маглі атрымаць грамадзяне:
- за самаадданы ўчынак, мужнасьць і адвагу, выяўленыя пры выратаваньні людзей, спыненьні злачынных замахаў на іх жыцьцё; за адвагу, выяўленую ўва ўмовах падвышанай небясьпекі пры ахове грамадзкага парадку, абароне дзяржаўнай уласнасьці, пры затрыманьні злачынцаў і выкрыцьці злачынных групаў;
- за мужнасьць і трываласьць, выяўленыя падчас стыхійных бедзтваў, пажараў, аварыяў, катастрофаў і іншых надзвычайных абставін, у выніку чаго папярэджаная пагроза жыцьцю і здароўю людзей або выратаваныя значныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці;
- за іншыя самаадданыя дзеяньні, зьвязаныя з выкананьнем воінскага, грамадзянскага або службовага абавязку і спалучаныя з рызыкай для жыцьця.
У 2002 годзе да ўзнагароды пасьмяротна прадставілі старшую судовую выканаўцу з Рагачова Натальлю Камарову за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў, значны ўнёсак у забесьпячэньне законнасьці і правапарадку».