«Сьвятыя людзі» Ігар і Наташа. Як у Берасьці дапамагаюць бяздомным

Бяздомныя чакаюць раздачы ежы ў Берасьці.

«Ігар Палыч і Наташа — сьвятыя людзі», кажа бяздомны Іван. «Я за іх жыцьцё аддаў бы».

Берасьцейскія «сьвятыя» Ігар і Натальля дапамагаюць бяздомным ужо шмат гадоў. Спачатку яны самі гатавалі ежу, прывозілі і раздавалі яе. Але калі тры гады назад бяздомных стала зашмат, да кармленьня далучыліся праваслаўныя храмы. Цяпер за кожны дзень тыдня адказвае пэўны прыход, а ў нядзелю дагэтуль гатуе Натальля. Вараць кашу, рыс, бульбу, дадаюць туды кансэрвы, раздаюць хлеб і чай. Штодзень на кармленьне прыходзяць 40-50 чалавек. Зімой гэтая лічба даходзіць да ста.

Валянтэр Ігар таксама арганізаваў тыднёвы паход у аддзел прафіляктычнай дэзінфэкцыі, дзе бяздомныя могуць памыцца, пагаліцца і пастрыгчыся, пакуль іхняе адзеньне праходзіць тэрмаапрацоўку.

Толькі дзякуючы гэтай валянтэрскай ініцыятыве — «Міласэрнасьць у Берасьці» — аблягчаецца жыцьцё берасьцейскіх бяздомных. Берасьце застаецца адзіным абласным цэнтрам Беларусі, дзе няма дома начнога знаходжаньня. Між тым начлежкі існуюць у Салігорску, Барысаве, Бабруйску, Баранавічах і іншых гарадах.

«Грошы на начлежку былі выдзеленыя 18 гадоў назад»

На пытаньне, дзе бяздомныя начуюць, яны паціскаюць плячыма і адводзяць погляд. «Дзе давядзецца».

Яны дадаюць, што нікога ў адміністрацыі іх праблемы не хвалююць. «Дзякуючы Ігару, які дамовіўся з участковым, падпісаў паперы, у нас хаця б ёсьць месца, дзе мы можам паесьці і нас ніхто ня будзе ганяць».

Цяпер Ігар займаецца пытаньнем арганізацыі месца начнога знаходжаньня, але ў адміністрацыі пакуль што толькі абяцаюць ды адкладваюць на потым. «Берасьце — культурная сталіца СНД, а начлежку для людзей зрабіць ня могуць», — абураецца Ігар. — А грошы былі выдзеленыя 18 гадоў назад».

«Начлежка павінна быць зробленая выключна як дзяржаўнае прадпрыемства, але ніяк не грамадзкае, — кажа Ігар. — У Менску ўсё як трэба: чатыры мэдсястры і чатыры супрацоўнікі міліцыі, у якіх і пярцовы балёнчык, і дубінка — гэта ўлада. Так і павінна быць, хто ж будзе адказны, калі яны там пачнуць рэзацца п’янымі?»

«Мы б самі ўсё абсталявалі і падрыхтавалі»

Бяздомныя нават згодныя, каб начлежка была на платнай аснове. А Віктар, бяздомны зь дзьвюма вышэйшымі мэдычнымі адукацыямі і інвалід другой ступені, гатовы дармова правяраць іншых на каросту, пэдыкулёз, ВРЗ, ВРВІ ды абмаражэньні.

«Я асабіста быў на прэс-канфэрэнцыі, дзе быў намесьнік генэральнага пракурора, прадстаўнікі санэпідэмстанцыі і мэдычных установаў. Я адкрыта сказаў: у нас дзьве праблемы. Першая — каб выдзелілі нармальнае месца, дзе людзі могуць нармальна прымаць ежу. Мы б самі ўсё абсталявалі і падрыхтавалі, спонсары ёсьць. Другая праблема — начлежка. Усюды ёсьць, у Берасьці — няма.

Я пагаварыў, сказалі, што ў жніўні пастараюцца выдзеліць. Праўда, у якім годзе — не сказалі. Дарэчы, у нас ёсьць і спонсары — бізнэсмэны згодныя грошы аддаць на дабрачыннасьць, ім менш падаткаў плаціць. Мы б адрэстаўравалі закінуты будынак, нам газ ня трэба, толькі б ваду ды электрычнасьць».

Вялікая сям’я

На кармленьні прыходзяць самыя розныя людзі. «Палова — былыя асуджаныя, працэнтаў дваццаць апынуліся на вуліцы па жыцьцёвых абставінах, астатнія — п’яніцы, ім у жыцьці ўжо нічога ня трэба», — распавядае Ігар. «Але я да п’янства стаўлюся ня моцна сур’ёзна, бо што ім яшчэ рабіць? Якая ў іх ёсьць альтэрнатыва ў жыцьці?»

«Шмат прыходзіць і хатніх. Даходзіла да таго, што яны стаяць у чарзе і кажуць: „Вось ёсьць і рыба, і курыца дома, але лянота гатаваць. А мы ў місцы супу нікому не адмовім”».

Насуперак стэрэатыпам пра бяздомных, усе апрануты вельмі ахайна — адзеньне чыстае, а ў некаторых нават адпрасаванае.

Бяздомныя кажуць, што спрэчкі паміж імі здараюцца рэдка. «У нас тут ужо сям’я. Мы ўсё адзін пра аднаго ведаем, і хто чым дыхае, і чым жыве», — кажа мужчына ў чарзе.

«Многія спазьняюцца, я ім сваё аддаю. Яны ж гадзіньнікаў ня маюць, дык як ім час даведацца. Але ж не заставацца ім галоднымі. Я сабе нешта здабуду, але трэба і іншым дапамагчы. Бяру прыклад зь Ігара», — кажа бяздомны Іван.

Перад кармленьнем валянтэры і бяздомныя чытаюць малітву і толькі пасьля бяруцца за ежу. «Трэба верыць. Мы бы тут бяз веры ня выжылі б ніяк».

Ігар добра ведае біяграфіі кожнага, хто прыходзіць. «Для мяне што яны [паказвае на бяздомных], што прэзыдэнт Амэрыкі — усе аднолькавыя. Усе проста людзі, у кожнага свой лёс.

Тут ёсьць інвалід, ён тры разы ўцякаў з дома інваліда, — распавядае Ігар. — У яго пэнсію забіраюць. Ён кажа: «Я лепш тут спакойна за свае грошы пражыву». Там яны заўсёды ходзяць паўгалодныя. Ён сам бачыў, як кухары выносілі мяса.

Вось бачыце, там Коля стаіць, апрануты быццам прафэсар нейкі — у швэдры і кашульцы, — працягвае Ігар. — Ён вялікі спэцыяліст па электроніцы з вышэйшай адукацыяй, раней займаў высокую пасаду. Але калі ён страціў работу, ягоныя дзеці яго выгналі. Ён праз гэта амаль зусім страціў слых.

А гэта Гена — былы старшы прапаршчык, служыў у Аўганістане, атрымлівае пэнсію. А жонка забрала яго картку... Вось ён і ходзіць тут».

«Мне грошай ня трэба, дайце лепш работу»

Ігар і бяздомныя згаджаюцца, што асноўная праблема — працаўладкаваньне.

«Шмат зь іх — непітушчыя. Некаторыя выйшлі з зоны, падыходзяць да мяне: „Дапамажыце знайсьці работу”. Але што я магу зрабіць? У яго тры купалы набіты: кожны купал — судзімасьць. Нягледзячы на тое, што ёсьць загад прэзыдэнта, любы працадаўца зробіць усё магчымае, каб узяць кагосьці без судзімасьці.

Атрымліваецца зачараванае кола: іх не бяруць, потым няма чым плаціць за камунальныя, высяленьне, другі суд — бяз права атрыманьня жытла. І ўсё — бомж», — тлумачыць Ігар.

Вячаслаў ня п’е ўжо паўтара года. Але ён кажа, што гэты факт ніяк не адбіваецца на рашэньнях працадаўцаў. «Няважна, пʼю я цяпер ці не, я — алькаголік, на мяне людзі павесілі такое кляймо. А які працадаўца возьме на работу былога зьняволенага і алькаголіка? Часта кажуць: „Пачакайце, мы вам патэлефануем”. Тэлефануюць да гэтага часу.

Мне грошай ня трэба, дайце лепш работу. Але мы нікому не патрэбныя».

«Гэта ж як трэба было награшыць, каб так грахі замольваць?»

Грошы для бяздомных зьбіраюцца праз скарбонкі ў храмах. Шмат людзей дапамагаюць рэчамі і ежай. Ігар кажа, што якраз сёньня прыйшоў чалавек і прынёс 300 рублёў.

«Некаторыя людзі скуплялі гарачыя чабурэкі і прывозілі нам. Бывала, прывозілі і цэлыя бусы хлеба і раздавалі па тры, па пяць буханак кожнаму».

«Гады тры назад была камэдыя, — успамінае Ігар. — Прыяжджае такі мэрс круты, выходзяць дзьве жанчыны, гадоў па 35, адчыняюць багажнік. А ён поўнасьцю забіты натуральнымі кажухамі. Адчыняе дзьверы, там некалькі пакетаў сьвітэраў — усе зь бірачкамі. Раздалі, паехалі. Гэта ж як трэба было награшыць, каб так грахі замольваць? (усьміхаецца)».

«Сьпяшайцеся рабіць дабро, інакш можна не пасьпець»

«Мяне ў жыцьці на многае падштурхнула такая фраза: „Сьпяшайся рабіць дабро, інакш можаш не пасьпець”, — распавядае Ігар. Я пачуў яе падчас пропаведзі, і яна мяне прабіла ў галаве, як іскра. Сапраўды, ніколі ж ня ведаеш, ці дажывеш да раніцы. І можа аказацца, што твой час настаў, а нічога карыснага ты ў жыцьці не зрабіў».

Аказаць падтрымку «Міласэрнасьці ў Берасьці» можна праз іх вэбсайт.

Кацярына Яроміч