Пасьля скандалу вакол «настаўніцы з партай» звольнены чыноўнік уладкаваўся ў кіраўніцтва філіялу ВНУ

Ілюстрацыйнае фота. Гомельская сярэдняя школа №15, дзе настаўніца пагражала стукнуць школьніка партай

Пасьля скандалу з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе № 15 кіраўнік дзяржавы пазбавіў некалькіх чыноўнікаў пасадаў. Пад гарачую руку трапіў і начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын.

Цяпер ён працуе намесьнікам дырэктара гомельскага філіялу міжнароднага ўнівэрсытэту «МИТСО». Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў адміністрацыі філіялу ВНУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «настаўніцы з партай» Лукашэнка звольніў 6 чыноўнікаў. Хто яны?

Сяргей Парошын кіраваў адукацыйнай сфэрай рэгіёну ня менш за 10 гадоў. Казаў, што вельмі любіць сваю працу.

Працоўны шлях у адукацыі пачынаў з выхавальніка школы-інтэрнату, арганізатара пазашкольнай выхаваўчай работы ў сярэдняй школе. Працаваў дырэктарам школы, загадчыкам аддзелу адукацыі Савецкага раёну Гомля, намесьнікам старшыні Гомельскага гарвыканкаму, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт сказаў „абсікаліся“, а народ ужо шчасьлівы». Што пэдагогі кажуць пра гісторыю «настаўніцы з партай»

Міжнародны ўнівэрсытэт «МИТСО» (Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў) заснаваны ў 90-х Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Гомельскі філіял рыхтуе такіх спэцыялістаў, як юрысты, мэнэджары-эканамісты, маркетолягі-эканамісты, лягістыкі-эканамісты.

Пасьля скандалу была зьнятая з пасады дырэктарка школы № 15 Марына Чарненка. Цяпер яна працуе намесьніцай дырэктара школы № 65.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сын прыходзіў дахаты з разарваным вухам». «Настаўніца з партай» вярнулася на працу, дырэктарку звальняюць

Таксама сваіх пасад пазбавіліся начальнік упраўленьня адукацыі гарвыканкаму Людміла Крылісьценка, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Алена Копа, начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Аляксандар Дземянчук, галоўны спэцыяліст аддзелу адукацыі, спорту і турызму, адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Кацярына Шарамава.

Пакуль іх далейшы працоўны лёс невядомы.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.